НАД БУДЫНКАМ ЧЭСКАГА СЭНАТУ БУДУЦЬ ЛУНАЦЬ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ

Сяргей Шупа, Прага

Вось што паведаміла актывістка беларускай дыяспары ў Чэхіі Натальля Маковік:

(Маковік: ) “27 ліпеня Беларусь будзе адзначаць Дзень незалежнасьці, і Чэхія – гэта ўнікальная краіна, якая першая ў сьвеце таксама адзначыць гэтае сьвята, і вельмі незвычайным чынам – тым, што на дзяржаўных інстытуцыях Чэскай Рэспублікі зьявяцца бел-чырвона-белыя сьцягі. Ужо цяпер вядома, што чэскі Сэнат зьбіраецца вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг на сваім будынку. Магчыма таксама, што і Палата прадстаўнікоў Чэхіі вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг.

Аднак адзначэньне не абмяжуецца толькі дзяржаўнымі інстытуцыямі. Таксама і звычайныя грамадзяне Чэхіі зьбіраюцца вывесіць бел-чырвона-белыя сьцягі, якія ў іх ёсьць. Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявяцца ў Чэхіі ўжо 24 ліпеня, таму што было вырашана, што калі гэтыя сьцягі будуць вісець у Празе некалькі дзён, гэта зьверне большую ўвагу чэскай грамадзкасьці на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. Акрамя таго, 24 ліпеня чэскія палітыкі, незалежна ад прыналежнасьці да палітычных партыяў – абсалютна ўсе палітычныя партыі Чэхіі, акрамя камуністаў – зьбіраюцца падпісаць заяву, у якой скажуць аб тым, што асуджаюць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, і аб тым, што падтрымліваюць дзеяньні беларускай апазыцыі.

Вельмі важна і тое, што ў гэты дзень будзе абвешчана аб стварэньні палітычнага камітэту “За свабоду Беларусі”, у які ўвойдуць усе самыя вядомыя палітыкі Чэхіі. Вельмі важна таксама і тое, што ўчора сваю падтрымку гэтай акцыі – вывешваньня бел-чырвона-белых сьцягоў на чэскіх будынках – выказаў і былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Ён напісаў, што падтрымлівае гэтую дзейнасьць чэскага грамадзтва і наагул заклікае чэскае грамадзтва да падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Акрамя таго, Вацлаў Гавэл неафіцыйна ўжо пагадзіўся быць ганаровым старшынём камітэту “За свабоду Беларусі”, што азначае вялікую сілу гэтай новай арганізацыі”.