РЫГОР БАРАДУЛІН: ЛУКАШЭНКА БЛЫТАЕ БЫКАВА З ШАМЯКІНЫМ

Сяргей Навумчык, Прага

Падчас жывога эфіру на расейскім тэлеканале НТВ Аляксандру Лукашэнку былі зададзеныя і пытаньні пра Васіля Быкава. Сярод іншага, Лукашэнка сказаў: “За шмат месяцаў да сьмерці Васіль Быкаў зьвярнуўся праз родных, блізкіх, сяброў да мяне і папрасіў мяне нешта зрабіць... Я яму зрабіў усё, нягледзячы на нашыя разыходжаньні”.

Вось што сказаў блізкі сябра Васіля Быкава, паэт Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Наколькі я ведаў Васіля, і ведаю Васіля Ўладзімеравіча, я не дапускаю, што ён нават у думках мог зьвяртацца да нашага прэзыдэнта. Гэта выключана. Гэта яшчэ раз гаворыць пра вялікую фантазію Аляксандра Рыгоравіча. Ну, чалавеку з фантазіяй жыць весялей і цяплей. Ён, відаць, яго блытае з Шамякіным. І падобнымі на Шамякіна”.

Адносна ж словаў Лукашэнкі “Я яму зрабіў усё” – працытуем адно з апошніх інтэрвію Васіля Быкава, у якім на пытаньне карэспандэнта, ці спрабавала ўлада яго купіць, Быкаў адказаў: “Не праходзіла і тыдня, каб гэтая ўлада рукамі сваіх альбо расейскіх пісакаў не палівала мяне брудам, не кампрамэтавала, не спрабавала зьнішчыць. Таму пра якую куплю можа ісьці размова? Вязьня канцлягеру не купляюць – яго зьнішчаюць”. Гэтае інтэрвію Васіль Быкаў даў газэце “Аргумэнты і факты” за месяц да шпіталізацыі.