ЖЫВАЯ МОВА: КРОПКА I ПУНКТ

Юрась Бушлякоў, Менск

Што такое кропка? Найперш гэта нейкi знак, сьлядок, нешта маленькае, ледзьве прыкметнае: скажам, кропка ад цьвiчка ў сьценцы або кропкi самалётаў высока ў небе. Звычайная таксама кропка i як знак, што аддзяляе сказы на пiсьме, i як графiчны значок, напрыклад, на мапах, у матэматычным i нотным запiсах. А вось гандлёвая кропка – вынiк непатрэбнага калькаваньня. Шмат хто думае: раз па-расiйску, называючы месца, аб’ект, гавораць точка, дык па-беларуску будзе кропка. Ня будзе – у гэтым выпадку нам служыць слова лацiнскага паходжаньня пункт: гандлёвы пункт, агнявы пункт, найвышэйшы пункт. Пункт заўсёды ўжываем па-беларуску ў матэматычным, фiзычным значэньнях, а таксама пры называньнi мяжы нечага: пункт апоры, пункт разрыву, пункт кiпеньня, мёртвы пункт. Слова пункт даўно й трывала засвоена беларускай моваю. Пiсьменьнiк Анатоль Клышка прыводзiць у сваiм “Самавучку беларускай мовы” такую фразу: пунктамi хапаў жывот. Хапаў пунктамi – значыць ‘балеў час ад часу, не безупынна’.

Кропка й пункт суiснуюць у нашай мове, кожнае слова на сваiм месцы. Пры канцы яшчэ раз папрактыкуем выбар кропкi й пункту: на белым фоне вiдаць чырвоная кропка, расстаўляем кропкi ў тэксьце, ставiм кропкi над “i”, ствараем новыя гандлёвыя пункты, выбiраем пункт апоры й пункт адлiку, дасягаем найвышэйшага пункту краiны, зрушваем сытуацыю зь мёртвага пункту, перамагаем па ўсiх пунктах.