“Віцебскі пралетар”, 1933 год:
“12 ліпеня ў адзнаку 13-й гадавіны вызваленьня Беларусі ад белаакупантаў у Менску пушчана новая вадаправодачная станцыя, якая па сваёй магутнасьці стаіць на другім месцы ў СССР. Станцыя будзе даваць паўтара мільёны вёдзер вады ў суткі з наступным павелічэньнем да двух мільёнаў. Цэнтральны вадаправод пракладзен па вуліцах Крапоткіна, МОПР і Камунальнай на працягу 3080 мэтраў з драўлянай сасновай клёпкі і зьяўляецца першым вопытам пабудовы ў СССР вадаправодаў з драўляных матар’ялаў. Пуск новай станцыі дае магчымасьць забясьпечыць насельніцтва Менску вадой на 97–98 працэнтаў, давесьці яе да акраін, да кожнага дому”.
“Беларуская газэта”, 1943 год. Артыкул “Яшчэ пра мінавае злачынства ў Беларускім тэатры”:
“Сьледзтва пра злачынны выбух у Менскім Гарадзкім Беларускім тэатры 22 чырвеня сёлета дагэтуль яшчэ не давяло да канчальнага выясьненьня злачынства: цьвёрда ўстаноўлена адно, што ў дадзеным выпадку ідзець аб тэрарыстычную групу, якая ў сваім злачынным змаганьні супраць беларускага жыхарства паслугоўваецца прадажнымі адзінкамі з асяродзьдзя таго самага беларускага жыхарства. Досьведы выявілі, што злачынцы былі добра азнаёмленыя зь мясцовасьцяй. З гледзішчаў інтарэсаў сьледзтва, злачынцы або падазроныя ў злачынстве асобы яшчэ ня могуць быць бліжэй названыя або апісаныя”.
“Советская Белоруссия”, 1963 год. Водгук токара цэху шасі МАЗу А.Хвашчэўскага: “Згуртуем рады”:
“Зь вялікай увагай азнаёміўся з найважнейшым палітычным дакумэнтам — Адкрытым лістом ЦК КПСС, у якім выкладзеная пазыцыя нашай партыі ў многіх пытаньнях міжнароднага камуністычнага руху. Прачытаў і ліст ЦК КПК Цэнтральнаму Камітэту нашай партыі, друку якога гэтак вымагалі кіраўнікі Камуністычнай партыі Кітаю. І што ж? За гучнымі фразамі пра адзінства і згуртаванасьць кожны бачыць у лісьце ЦК КПК несяброўскія, паклёпніцкія выпады супраць нашай партыі і Савецкай краіны, імкненьне прынізіць гістарычнае значэньне барацьбы нашага народу за перамогу камунізму ў СССР, за трыюмф міру і сацыялізму ва ўсім сьвеце. Горача ўхваляючы Адкрыты ліст ЦК КПСС, мы заяўляем, што ў адказ на падкопы раскольнікаў мы яшчэ больш шчыльна згуртуемся вакол сваёй роднай партыі”.