ПРАБЛЕМЫ ЗАМЕЖНЫХ АМБАСАДАЎ У МЕНСКУ

Юры Сьвірко, Менск

15 ліпеня новы амбасадар Італіі ў Беларусі Гульельма Ардыцонэ адсьвяткаваў у Менску сваё 54-годзьдзе, так пакуль і не дачакаўшыся аўдыенцыі Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя іншыя амбасадары — напрыклад, амэрыканец Майкл Козак — чакалі такой сустрэчы некалькі месяцаў. Але спадар Ардыцонэ пакуль ня можа выконваць функцыі ня толькі італійскага амбасадара, але й галоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў Беларусі, паколькі ад 1 ліпеня да канца году ў Эўрапейскім Зьвязе старшынюе Італія.

Ізраільская амбасада ў Беларусі мае праблемы іншага кшталту, бо 31 жніўня будзе ліквідаваная дзеля эканоміі сродкаў ізраільскага бюджэту. Консульскі аддзел амбасады спыніць працу ўжо ў гэты чацьвер. Калі я патэлефанаваў туды, каб даведацца, ці можна яшчэ падаць дакумэнты на ізраільскую візу 17 ліпеня, дык пачуў наступнае:

(Супрацоўніца амбасады: ) “Прыём дакумэнтаў з 9 да 11, але чарга стаіць ужо цяпер”.

Гэтая чарга ахвотнікаў паехаць у Ізраіль будзе стаяць ля будынку амбасады ўсю ноч, каб у апошні дзень падаць дакумэнты на візу. Ужо ў пятніцу для гэтага трэба будзе ехаць у Маскву, таму што ізраільская амбасада ў Расеі да сваёй консульскай акругі далучыць тэрыторыю Беларусі.

Як неафіцыйна патлумачылі мне ў ізраільскім МЗС, рашэньне закрыць амбасаду ў Менску тлумачыцца патрэбай эканоміць бюджэтныя сродкі, але на гэтае рашэньне паўплывалі пляны стварыць саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі.

Аднак расейская амбасада ў Менску, насуперак гэтым плянам, вырашыла пашырацца. Яшчэ 31 траўня 2001 году Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка заклалі першы камень у падмурак новага будынку амбасады Расеі на Старавіленскім тракце, каля Палацу дзяцей і моладзі. Два гады на гэтай пляцоўцы нічога не рабілася, але на тле пастаянных пераносаў паседжаньняў Найвышэйшай дзяржаўнай рады, праблемаў з Канстытуцыйным актам саюзнай дзяржавы ды іншых расейска-беларускіх складанасьцяў Масква нарэшце вырашыла будаваць у Менску ажно два комплексы для сваіх дыпляматаў — апрача амбасады на Старавіленскім тракце, будзе пабудаваны жылы дом на суседняй вуліцы Арлоўскай.

Расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Блахін узначаліў журы адкрытага конкурсу на распрацоўку архітэктурнай ідэі абодвух комплексаў. Усталяваныя нават тры прэміі за найлепшыя праекты — ад 2 да 5 тысячаў даляраў.

Рашэньне будаваць новую амбасаду Расеі выглядае палітычным, асабліва калі ўлічыць, што сёлета на пачатку году Менскі гарвыканкам прыняў рашэньне аддаць на 99 гадоў у арэнду ўчастак зямлі на вуліцы Гвардзейскай, дзе цяпер месьціцца консульскі аддзел расейскай амбасады. Гэты ўчастак цяпер стане для Расеі непатрэбным.