“БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ РУСІФІКУЮЦЬ ЎЛАСНУЮ КРАІНУ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Беларускія ўлады русіфікуюць ўласную краіну” – такі загаловак мае адзін з матэрыялаў, прысьвечаных падзеям у Беларусі, што друкуе сёньня “Gazeta Wyborcza”.

“Частату беларускамоўнай “Сталіцы” ўлады аддалі новаму расейскамоўнаму радыё, якіх і так ужо існуе 10. Такім чынам, цяпер у машыне ці на сучасным радыёпрыймачы беларусы беларускай мовы ў эфіры ўжо не пачуюць. Гэта можна будзе зрабіць толькі пры дапамозе старой апаратуры, альбо радыёкропкі”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Далей штодзёньнік адзначае, што пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі карыстаньне беларускай мовай у Беларусі ўспрымаецца як прызнаньне ў прыналежнасьці да “антыдзяржаўнай апазыцыі”. Газэта прыгадвае, што некалькі гадоў таму беларуская міліцыя пры дапамозе службовых сабакаў затрымала трох маладых людзей, якія “мелі нахабства размаўляць па-беларуску ў публічным месцы”.

“Gazeta Wyborcza” распавядае і пра пачатак 90-х, калі моўная сытуацыя ў Беларусі была зусім іншай. Прыкладам, існавала адмысловая праграма пераходу дзяржаўных установаў на беларускую мову цягам 10 гадоў. “Цяпер пра гэтую праграму ў Беларусі забыліся. Незалежныя газэты пазакрывалі, адзіны беларускамоўны дзяржаўўны штодзёньнік “Зьвязда” стаў выходзіць радзей, а ў тэлебачаньні толькі 8% праграмаў – беларускамоўныя. І гэта пры тым, што беларускую мову роднай лічаць аж 85% беларусаў”, – адзначае польскі штодзёньнік.

“Gazeta Wyborcza” параўноўвае моўную сытуацыю ў Беларусі і ўва Ўкраіне, дзе Леанід Кучма пасьля свайго абраньнья на пасаду прэзыдэнта вывучыў украінскую мову і цяпер гаворыць амаль што выключна па-ўкраінску. Украінскай мовай карыстаецца і украінскі прэм’ер, які паходзіць з цалкам расейскамоўнага Данецка, а 100% перадачаў ў дзяржаўным радыё і тэлебачаньні таксама выходзяць па-украінску.

Далей, у артыкуле “Беларускае тэлебачаньне хваліць прэзыдэнта, як ніколі дагэтуль” “Gazeta Wyborcza” распавядае пра антызаходнюю прапаганду на экране БТ, а таксама пра заўважнае павелічэньне ў тэлеэфіры колькасьці матэрыялаў, якія маюць на мэце падаць беларускага кіраўніка як з найлепшага боку.

“На дзень незалежнасьці 3 ліпеня, у тэлебачаньні паказалі фільм аб паўстаньні беларускай дзяржаўнасьці і, як аказалася, гэты працэс быў неадрыўна зьвязаны з асобай першага і адзінага ўжо цягам 9 гадоў прэзыдэнта Беларусі. Пазьней БТ амаль штодзённа паказавала матэрыялы пра руплівага бацьку народу, які кажа афіцэрам бараніць дзяржаўную ідэалёгію, пра адстаўкі прэм’ера і несумленных міністраў і пра абяцанкі даць эканамічныя свабоды для прыватнага бізнэсу ўзамен на тое, што гэты бізнэс не будзе займацца палітыкай”, – піша “Gazeta Wyborcza”. Штодзёньнік адзначае, што кульмінацыяй прапагандыскіх матэрыялаў на БТ быў паказ інтэрвію Лукашэнкі, дадзенага сэрбскаму тэлебачаньнью, дзе беларускага кіраўніка называюць “адзіным абаронцам усходняй цывілізацыі” і “праваслаўных славянаў”.

У якасьці падсумаваньня “Gazeta Wyborcza” падае камэнтар знанага беларускага пісьменьніка зь Беласточчыны Сакрата Яновіча, які апошнімі падзеямі ў Беларусі ня зьдзіўлены, бо, на ягоную думку, беларускі кіраўнік перадусім ёсьць чалавекам савецкім, які ня мае аніякай ідэалёгіі, а адзіным сэнсам жыцьця Аляксандра Лукашэнкі, гэтаксама як жыцьця Туркмэнбашы ці Фідэля Кастра, паводле спадара Яновіча, ёсьць улада.