(Зьміцер Падбярэскі: ) “У межах праграмы “Па-за тактам” мы збольшага сустракаемся і гутарым з адносна маладымі музыкантамі. Тым ня менш, гісторыя беларускай папулярнай музыкі пачалася ня ўчора. Ёсьць, ёсьць і ў нас вэтэраны руху, знакавыя постаці, безь якіх уявіць тую самую гісторыю папулярных жанраў проста немагчыма.
Адзін з такіх людзей — вядомы гітарыст-віртуёз, чый сцэнічны стаж налічвае ўжо больш за 30 гадоў, загадчык катэдры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і проста цудоўны ў зносінах, кантактны, гранічна адкрыты чалавек Уладзімер Угольнік. А нагодай для сустрэчы зь ім стаўся першы значны жыцьцёвы юбілей музыканта. Дзень добры, Валодзя! Віншую цябе шчыра з 50-годзьдзем!
Вось што мяне турбуе ў сувязі з такой значнай датай. Ці ўяўляў ты больш як трыццаць гадоў таму, калі пачынаў выконваць чужую савецкай ідэалёгіі музыку, што калі-небудзь сам будзеш вучыць маладых музыкантаў выконваць тую самую некалі ледзь не забароненую музыку?”
(Уладзімер Угольнік: ) “Тады ўявіць сабе гэта было немагчыма. Бо забаранялі гэтую музыку, і прыходзілася іграць у нейкіх падвалах, на вэрандах танцавальных. Але ж усё мы пераадолелі, і цяпер тую музыку, якую забаранялі, я і выкладаю”.
(Падбярэскі: ) “Яшчэ адзін этап твайго жыцьця зьвязаны з ансамблем “Верасы”. Прабач за нетактоўнае пытаньне: хіба ў цябе ў тым калектыве як у гітарыста было шмат працы?”
(Угольнік: ) “Я ў асноўным выконваў акампанэмэнт і сольныя кавалачкі. Але ж працы было шмат. Творчы працэс заўсёды ня вельмі лёгкі. Магу сказаць, што праца гітарыста, які займаецца акампанэмэнтам, не лягчэйшая за працу саліста. А ў некаторых момантах нават, можа, і цяжэйшая. Я займаўся тады вельмі шмат! Здымаў сусьветных майстроў.
Цяпер я вельмі зайздрошчу моладзі, што ў іх ёсьць уся неабходная інфармацыя: і Інтэрнэт, і ноты, і выкладчыкі, і школы. А тады ж усяго гэтага проста не было. Цяжкавата было, але ж… вельмі цікава!”
(Падбярэскі: ) “Дарэчы, пра школу. А ці не зьбіраесься ты асабіста, як гэта прынята ва ўсім сьвеце, выдаць уласную гітарную школу Ўладзімера Ўгольніка?”
(Угольнік: ) “Матэрыял у мяне ўжо ёсьць, падрыхтаваны. Але ж усё яшчэ трэба сыстэматызаваць, засесьці за працу як мае быць, а часу на гэта ўсё не магу знайсьці. Вось зараз будзе адпачынак, дык, магчыма, і засяду за працу”.
(Падбярэскі: ) “А што было нагодай для запрашэньня выкладаць ва ўнівэрсытэце культуры і ці лёгка, адразу ты пагадзіўся зьмяніць практычную дзейнасьць на выкладчыцкую?”
(Угольнік: ) “Спачатку я выкладаў толькі гітару. Працаваў па сумяшчальніцтве. І ўрэшце мне гэта спадабалася як лябараторыя. Бо калі сам кагосьці вучыш, вучысься і сам таксама. І калі студэнт нешта ад цябе пераймае, а ты бачыш, што нешта тут зрабіў ня так, вымушаны праз увесь час выпраўляць і ўласныя памылкі, і памылкі студэнтаў. Гэта вельмі цікавая і надзвычай такая, можна сказаць, слушная праца. І калі бачыш свайго студэнта, які працуе потым, скажам, у нейкім вядомым калектыве, дык цябе ахоплівае нейкі такі гонар!..”
(Падбярэскі: ) “Дарэчы, ці можаш ты цяпер назваць хоць бы некалькі сваіх найбольш вядомых вучняў?”
(Угольнік: ) “Саша Салаўёў працуе ў “Беларускіх Песьнярах”. Дзіма Малалетаў у Маскве, ён сам там мае ўжо ўласную гітарную школу. Сяргей Мікалайчанка працуе ў Магілёўскай філярмоніі. Сяржук Трухановіч таксама быў маім студэнтам, толькі што завочнікам”.
(Падбярэскі: ) “А цяпер самы час паслухаць аднаго з вучняў Уладзімера Ўгольніка, гітарыста Сержука Трухановіча”.
(Сяргей Трухановіч: ) “Па-першае, Угольнік мне вельмі дапамог карыснымі парадамі. Зь яго трэба браць прыклад як з чалавека-музыканта, бо ён вельмі правільна ставіцца да музыкаў — гэтага не хапае многім іншым. Вельмі добрыя адносіны наладжвае ў калектыве. І зь ім лёгка працуецца. Я чуў ягоных вучняў, зь якімі ён непасрэдна займаўся, і магу сказаць дакладна, што ён добры настаўнік у поўным сэнсе гэтага слова. У яго атрымліваецца добра выкладаць, выходзяць добрыя музыкі. Я так мяркую, што для гэтага павінен быць талент настаўніка ў такога чалавека. У яго ён прысутнічае. І таму для Беларусі такі майстар гітары як Угольнік — гэта, я лічу, знаходка. І больш як знаходка”.
(Падбярэскі: ) “Чым ты можаш растлумачыць той факт, што сярод усіх спэцыяльнасьцяў у галіне папулярнай музыкі менавіта здольных гітарыстаў у Беларусі найбольш?”
(Угольнік: ) “У нас ёсьць такія знакавыя фігуры як Ткачэнка, Анцішын, Міхайлаў Юра. У нас у Менску вельмі багатая школа. Ня ведаю, чым гэта абумоўліваецца. Можа тым, што ў той час мы мелі больш інфармацыі, чым, напрыклад, тая ж Расея. Бо мы тады і польскае радыё слухалі, і “Радыё Люксэмбург”, заўсёды былі ў курсе падзеяў. Мы проста раней пачалі ўсё гэта рабіць. І калі ўжо да нас прыяжджалі, напрыклад, “Весёлые ребята” з Масквы і там нешта ігралі, зьнятае зь “Бітлз”, і калі з залі слухачы крычалі: “Гітарыст! Іграй так, як напісана!”, ім чуць гэта было непрыемна. Яны, відаць, думалі, што прыехалі ў нейкую правінцыю, а тут усе даўно ўжо ведаюць”.
(Падбярэскі: ) “Колькі гітарыстаў спрабуе штогоду трапіць у лік студэнтаў Унівэрсытэту культуры, колькі вы прымаеце?”
(Угольнік: ) “Усё гэта цалкам залежыць ад узроўню падрыхтоўкі. Аднаго-двух я прымаю кожны год у сваю клясу”.
(Падбярэскі: ) “А колькі чалавек спрабуюць паступіць?”
(Угольнік: ) “Дванаццаць, трынаццаць… І расіяне прыяжджаюць, і ўкраінцы. Калі да нас прыяжджалі масквічы, яны казалі, што там вельмі ўсё дорага каштуе — столькі, што нармальнаму чалавеку “падняць” такія грошы, якія яны там патрабуюць за кансультацыі і за ўсё іншае, немагчыма. Мы ж усё праводзім бясплатна, у нас адукацыя дзяржаўная, таму яны сюды і едуць. Дый платнае нашае навучаньне — значна таньнейшае, чым у Расеі”.
(Падбярэскі: ) “Штогод выхаванцы ўнівэрсытэту, у тым ліку і твае асабіста, зьяжджаюць зь Беларусі. З аднаго боку, гэта сьведчаньне сапраўды добрай падрыхтоўкі. З другога — ці не надакучыла табе працаваць, вобразна кажучы, на “заходняга дзядзю”?”
(Угольнік: ) “Такая праблема існуе. Але яны потым вяртаюцца і заканчваюць на платнай аснове. Ведаеш, гэта прыемна, што нашы кадры цэняцца ва ўсім сьвеце”.
(Падбярэскі: ) “Вядома, што апрача выкладчыцкай дзейнасьці ты яшчэ вядзеш вельмі актыўнае канцэртнае жыцьцё. А, скажам, на “Славянский базар” цябе запрашалі?”
(Угольнік: ) “А ў мяне заўсёды прыёмныя экзамэны ў гэты час! Яны і ведаюць, што я нікуды ў гэты час не адлучуся. Але ж запрашалі! Паехаў аднаго разу, першы раз у жыцьці іграў пад плюс”.
(Падбярэскі: ) “Я ж невыпадкова спытаўся! Фэстываль гэты ў асноўным “фанэрны”, а як ты, жывы гітарыст, там пачуваўся?”
(Угольнік: ) “Іграць пад плюс для мяне — жудасна! Ну як можна сыграць імправізацыю, якую ты запісаў два-тры месяцы таму, як іх спаймаць, гэты ноткі? І таму я прасіў апэратараў тэлебачаньня, казаў: там, дзе ідзе асноўная мэлёдыя, якая завучана, там паказвайце буйным плянам, а вось дзе імправізацыя — дык вы гледачоў паказвайце ці са сьпіны. Але яны ўсё наадварот зрабілі! І калі я глядзеў запіс, відовішча было проста жудаснае. І гэта быў адзіны выпадак у жыцьці, калі я іграў пад плюс, пераступіў празь сябе”.
(Падбярэскі: ) “Сёлета адзін польскі гітарыст упісаў сваё імя ў Кнігу рэкордаў Гінэса, калі сабраў у адным месцы 588 гітарыстаў, якія адзін за адным выконвалі тэму “Хэй, Джо” Джымі Гэндрыкса. Прызнайся, колькі вучняў ты мог бы выставіць на сцэне на канцэрце, прысьвечаным твайму юбілею?”
(Угольнік: ) “Усіх, калі сабраць разам? Ну, недзе пад сотню амаль што…”
(Падбярэскі: ) “Госьцем чарговай праграмы “Па-за тактам” быў вядомы прафэсар беларускай эстраднай гітары, джазавай, блюзавай, рокавай і гэтак далей Уладзімер Угольнік, які 15 ліпеня будзе адзначаць свой першы вялікі юбілей — 50-годзьдзе з дня нараджэньня. Валодзя! Вялікі дзякуй, што ты да нас прыйшоў! Я пажадаю табе вельмі здольных вучняў, якія б працягнулі б, тое, што ты ўмееш, тое, чаму ты навучыўся сам, каб яны перанялі твой досьвед і панесьлі далей дзеля разьвіцьця папулярных жанраў у Беларусі”.