БАЦЬКІ ЛІЦЭІСТАЎ ПАСТАНАВІЛІ НЕ АДДАВАЦЬ СВАІХ ДЗЯЦЕЙ У ІНШЫЯ НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ

Любоў Лунёва, Менск

Бацькі ліцэістаў даведаліся, што гарадзкія чыноўнікі разьмеркавалі навучэнцаў па розных навучальных установах. Яны склалі сьпісы ліцэістаў. Выпускны чацьверты курс вырашылі ўладкаваць ў ліцэі пры БДУ, а астатніх — у 4-й, 9-й і 23-й гімназіі.

Апроч таго, бацькі абураныя тым, што, нягледзячы на прамовы намесьніка міністра адукацыі Казімера Фарыно аб тым, што на рамонт будынку накіравалі грошы з гарадзкога бюджэту, насамрэч ніякага рамонту ня робіцца. Бацькі накіравалі скаргу Аляксандру Лукашэнку на пастанову Савету Міністраў аб ліквідацыі нацыянальнага гуманітарнага ліцэю — як беспадстаўную і якая парушае іх правы.

Бацькі прынялі звароты ў розныя інстанцыі, патрабуючы не парушаць іхных канстытуцыйных правоў абраць навучальную ўстанову і даць навучаньне сваім дзецям на роднай мове.

На бацькоўскім сходзе аднагалосна прынялі рашэньне не аддаваць сваіх дзяцей у іншыя навучальныя ўстановы, каб захаваць унікальны калектыў.

Гаворыць сябра бацькоўскага камітэту:

(Рэгіна: ) “Ліквідуецца і разбураецца той каштоўны набытак, які меў нацыянальны ліцэй за 12 гадоў свайго існаваньня. Нашы дзеці вучыліся ў ліцэі будучыні. Ён сапраўды быў гонарам нашай адукацыі. Вяртацца ў навучальныя ўстановы са значна ніжэйшым узроўнем? Гэта, сапраўды, будзе ламаць лёсы нашых дзяцей. Ужо іхная псыхіха напружаная. Замест каб адпачываць, яны задаюць адно і тое ж пытаньне: куды яны пойдуць 1 верасьня, ці будуць іх вучыць іх любімыя настаўнікі? Чаму дзеці ня могуць вучыцца ў спадароў Тычыны, Баршчэўскага, у Васіля Сёмухі?”

Вінцук Вячорка, які зьяўляецца сябрам бацькоўскай Рады, дадаў:

(Вячорка: ) “Перавод ліцэйскага калектыву пад эгіду гораду насамрэч не азначае захаваньня ні пэдагагічнага калектыву, ні дзіцячага калектыву, ні ўнікальных ліцэйскіх праграмаў, ні беларускамоўнага статусу, ні рэальнага кіраўніцтва ліцэю. Мы патрабуем адмены пастановы менавіта дзеля захаваньня гэтых пяці фактараў. Калі нам ня будзе гарантаванае захаваньне гэтых пяці фактараў, мы не аддамо нашых дзяцей ні ў якую іншую школу, гімназію, ліцэй гораду і краіны. 1 верасьня мы з нашымі дзецьмі прыйдзем сюды, у гэты будынак, альбо на тое, што ад яго застанецца, і нікуды адсюль ня пойдзем”.

Выкладчыкі страцілі працу на няпэўны тэрмін. Ім абяцалі, што прымуць у новы ліцэй. Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) “Мне цяжка нешта казаць, бо я знаходжуся ў такой сытуацыі, калі ад мяне мала што залежыць. Я пазбаўлены магчымасьці ўплываць на працэс. Адзінае, у што я веру і за што я буду змагацца, — гэта жывы дух ліцэю. Калі жывая ягоная сутнасьць, то працэс будзе працягвацца. У якой форме? Будзе залежаць ад абставін. Я не здымаю зь сябе адказнасьці за вучняў і за выкладчыкаў, буду шукаць шляхоў дзеля таго, каб захаваць тое, што зьяўляецца сутнасьцю ліцэю”.

Пад зваротам у абарону ліцэю паставілі больш за сотню подпісаў. Калі гэтыя захады не паўплываюць на чыноўнікаў, бацькі не аддадуць сваіх дзяцей у іншыя ўстановы.