КІРАЎНІЧАЯ РАДА ІРАКУ АБВЕСЬЦІЛА ДЗЕНЬ ПАДЗЕНЬНЯ РЭЖЫМУ ХУСЭЙНА НАЦЫЯНАЛЬНЫМ СЬВЯТАМ

Юры Дракахруст, Прага

У склад кіраўнічай рады увайшлі 25 чалавек: 13 шыіітаў, 5 сунітаў , 5 курдаў, адзін хрысьціянін і адзін туркмэн. Амэрыканская адміністрацыя імкнулася забясьпечыць прадстаўніцтва ў радзе этнічных, рэлігійных і палітычных груповак: сябрамі рады пасьля двухмесячных кансультацыяў сталі лідэр Ірацкага нацыянальнага кангрэсу Ахмэд Чалябі, кіраўнік Вышэйшай рады ісламскай рэвалюцыі Абдэль Азыз Аль Хакім , лідэры асноўных курдзкіх партыяў Масуд Барзані і Джалал Талібані, кіраўнік кампартыі Гамід Маджыд Муса.

Сфармаваная кіраўнічая рада Іраку будзе мець паўнамоцтвы прызначаць міністраў, разглядаць законы, ухваляць нацыянальны бюджэт. Прадстаўнік ірацкага нацыянальнага кангрэсу Энтыфад Канбар ацаніў стварэньне кіруючай рады наступным чынам:

(Канбар: ) “Мы ёсьць сьведкамі стварэньня гісторыі. Гэта – першы ўрад пасьля Садама. Упершыню іракцы па-сапраўднаму ўдзельнічаюць ва ўласным палітычным працэсе. Гэта – пачатак новай ірацкай дзяржавы, якая паважае правы чалавека, паважае дэмакратыю і імкнецца навязаць канструктыўныя стасункі з астатняй часткаю сьвету”.

Сп. Канбар нездарма гаворыць менавіта пра пачатак шляху. Кіраўнічая рада мае фактычна кансультацыйны характар. Амэрыканскі адміністратар Пол Брэмэр мае права адмяняць любыя рашэньні рады. Праўда, амэрыканскія прадстаўнікі гавораць, што сп. Брэмэр будзе карыстацца гэтым правам толькі ў выключных выпадках.

Адной з задачаў кіраўнічай рады зьяўляецца фармаваньне канстытуцыйнай камісіі. Амэрыканскі адміністратар Іраку Пол Брэмэр заявіў:

(Брэмэр: ) “Як толькі Канстытуцыя будзе прынятая ірацкім народам, будуць праведзеныя выбары сувэрэннага ўраду. Ад імя кааліцыі, ад імя прэзыдэнта Буша і усіх нашых калегаў, я абяцаю вам, што мы прыкладзем усе высілкі (і генэральны сакратар ААН гаварыў пра гэта), каб дапамагчы вам дасягнуць посьпеху ў гэтай справе, калі мы будзем разам рушыць у гэтым накірунку ў найбліжэйшыя месяцы”.

Назіральнікі адзначаюць, што ў кіраўнічай радзе перавагу маюць прадстаўнікі эміграцыі, асобы, што пры Садаме жылі за мяжою ці ў курдзкіх раёнах, якія больш за 10 гадоў былі па-за кантролем Багдаду. Акрамя гэтага, хаця кіраўнічая рада і ўключае ў сябе прадстаўнікоў асноўных палатычных плыняў краіны, яна прызначаная, а не абраная. Тым ня менш, на думку адмысловага прадстаўніка ААН у Іраку Сержыо Війера дэ Мэла гэта – значны крок наперад.

(дэ Мэла: ) “Сёньня мы бачым узьнікненьне ў Іраку кіраўнічай рады з істотнымі выканаўчымі правамі. Гэта – не канчатковая мэта, паколькі канчатковая мэта – гэта поўны сувэрэнітэт. Але зроблены неабходны і чаканы крок у гэтым накірунку”.

Першым рашэньнем кіраўнічай рады стала абвяшчэньне 9 красавіка –дня падзеньня рэжыму Хусэйна – нацыянальным сьвятам. Разам з тым былі адмененыя 6 сьвяточных дзён, уключна з 14, 16 і 17 ліпеня, у якія адзначаліся этапы прыходу да ўлады партыі БААС.