А.ЛУКАШЭНКА ЗНОЎ НАГАДАЎ ПРА СВОЙ УДЗЕЛ У НАСТУПНЫХ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ

Юры Сьвірко, Менск

Падчас паездкі ў Віцебск Аляксандар Лукашэнка, як паведамляе агенцтва “Интерфакс”, заклікаў жыхароў горада: “Вы на чыноўнікаў хвалю не каціце. Я зь імі сам разьбяруся, а вы самі са мной разьберацеся на прэзыдэнцкіх выбарах”.

Спадар Лукашэнка зноў даў зразумець, што будзе браць удзел у выбарах прэзыдэнта, хаця беларуская Канстытуцыя больш за два прэзыдэнцкія тэрміны не дапускае. Віцебская заява здарылася адразу пасьля адстаўкі прэм’ер-міністра ды на тле чутак пра мажлівы рэфэрэндум наконт падаўжэньня Лукашэнкавага прэзыдэнцтва. Я папрасіў пракамэнтаваць гэтую заяву сябра Савету Рэспублікі Мікалая Чаргінца, які быў прызначаны туды прэзыдэнцкім указам і які на апошніх выбарах ачольваў ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Вось што сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў панядзелак спадар Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Аляксандар Рыгоравіч можа пайсьці на трэці тэрмін, калі трэба, і на чацьверты, толькі пры ўмове, калі захоча гэтага народ. Як вядома, Канстытуцыя не дае магчымасьці абірацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Але калі падчас рэфэрэндуму на законнай падставе ў строгай адпаведнасьці зь дзейнай Канстытуцыяй гэтае пытаньне будзе ўзьнятае і народ прагаласуе за гэта, дык потым ён будзе думаць, ці трэба яму вылучаць кандыдатуру або не. Пакуль казаць пра гэта нельга, таму што закон забараняе”.

Я патэлефанаваў сакратару Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалаю Лазавіку, які цяпер, на час адпачынку старшыні Лідзіі Ярмошынай, кіруе Цэнтарвыбаркамам. Спадар Лазавік таксама заявіў, што дзейная Канстытуцыя зноў браць удзел у выбарах Аляксандру Лукашэнку не дазваляе, і паведаміў, што ў Цэнтральнай выбарчай камісіі “няма ніякай інфармацыі й нават размоваў пра рэфэрэндум”. Але наконт абмежаваньня двума тэрмінамі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Мікалай Лазавік сказаў:

(Лазавік: ) “Можа быць варыянт такі, што гэтая норма ў Канстытуцыі застанецца нязьменнай, але на рэфэрэндуме будзе прыняты канстытуцыйны акт, які, не зьмяняючы Канстытуцыі, усё ж дазволіць прэзыдэнту вылучаць сваю кандыдатуру”.

Спадар Лазавік удакладніў, што мова ідзе на пра канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, а пра беларускі канстытуцыйны закон — такі раней прымаўся ў 1991 годзе датычна Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Такі акт можа быць аднаразовага дзеяньня, адмыслова для спадара Лукашэнкі, сказаў сакратар Цэнтарвыбаркаму.

Я зьвязаўся з адным з трох кандыдатаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году — Сяргеем Гайдукевічам і спытаўся, як ён ставіцца да віцебскай Лукашэнкавай заявы.

(Гайдукевіч: ) “Вось цяпер з Аўстрыі неяк цяжка на гэтую тэму размаўляць. Яму казаць больш няма чаго. З аднае простае прычыны — як ён мог бы сказаць, што ён сыходзіць? Вы ўявіце сабе, што пачнецца ў ягоным атачэньні. А я стаўлюся, як нядаўна выказаўся Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін. Ён (тут у Аўстрыі перадавалі) адназначна сказаў, што ніяікх трэціх тэрмінаў у Беларусі ня будзе”.