У ГОРАЦКАЙ ЦАРКВЕ ХРЫСЬЦІЯНАЎ ВЕРЫ ЭВАНГЕЛЬСКАЙ СЬПЯВАЮЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ

Марыя Ўсьціновіч, Горкі

Кожную нядзелю набажэнства ў Горацкай царкве хрысьціянаў веры эвангельскай “Божая ласка” пачынаецца са сьпеваў на беларускай мове. Сьпяваць і прамаўляць слова Божае па-беларуску прапанавалі ўдзельнікі царкоўнага сходу, сярод якіх ня толькі беларусы, а армяне, расейцы, карэйцы, людзі іншых нацыянальнасьцяў.

(Спадар: ) “Гэта вельмі мілагучная мова. Вельмі прыемна і для нас, і для Бога, што мы можам яго праславіць яго і на гэтай мове”.

(Спадарыня: ) “Мае дзеці вучацца ў школе, і яны навучаюць мяне беларускай мове, таму ўсё зразумела. Падабаецца сьпяваць, прыгожая мова”.

(Спадарыня: ) “На жаль, такая сучаснасьць, што ня ўсе валодаюць мовай, але ў хуткім часе, я спадзяюся, Гасподзь падорыць нам усім гэтыя веды, і мы ўсе будзем славіць Бога на беларускай мове, таму што мы жывем у беларускай дзяржаве, у нас павінна быць беларуская мова”.

Казані па-беларуску прамаўляе 28-гадовы настаўнік ангельскай мовы Вячаслаў Лобан. Ягоная ідэя — у беларускай мове прапагандаваць Бога. Ён верыць, што калі на роднай мове ўхваляць Бога, то ён будзе аберагаць гэтую мову і народ.

У нядзелю Вячаслаў распавядаў пра духоўнае абуджэньне народу. Ён казаў, што перашкаджаць гэтаму могуць пэсымізм і бязьвер’е людзей. Паводле Лобана, трэба рыхтаваць сэрцы для духоўнага абуджэньня, і хрысьціяне павінны даваць прыклад у гэтым.

(Лобан: ) “Наш народ жыве ў вялікай роспачы, у вялікім пэсымізьме. Але калі я сустракаю хрысьціянаў, то я бачу на іх тварах усьмешкі. Так, абставіны жыцьця вельмі складаныя, аднак чалавек у радасьці знаходзіцца. Гэта Божае! Сказаў Бог, што царства Божае — яно ў сэрцы, праз праведнасьць — мір і радасьць, мы маем гэта — і дзякуй Богу”.

Пастар горацкіх пяцідзясятнікаў Мікалай Цэван занепакоены сытуацыяй вакол пратэстантаў і гаворыць, што вернікі балюча ўспрымаюць нэгатыўную інфармацыю, якая распаўсюджваецца Беларускім тэлебачаньнем і дзяржаўнымі мэдыямі. Таму ў нядзелю, як і ў іншых пратэстанцкіх цэрквах Беларусі, у Горках маліліся пра тое, каб улада зьмяніла сваё стаўленьне да пратэстантаў.

(Цэван: ) “Мы хацелі б, каб беларускія ўлады ведалі, што пратэстанты —гэта беларускі народ, гэта грамадзяне, якія жывуць у Беларусі і яны ня горш за праваслаўных і католікаў. Зь верай у сэрцы будзем маліцца Богу, каб ён заступіўся за беларускіх пратэстантаў”.

Гісторыя пратэстанцтва ў Беларусі, упэўнены горацкі пастар Мікалай Цэван, гаворыць пра тое, што гэтая царква — не чужая на гэтай зямлі, у яе ёсьць старажытныя карані. І каб быць яшчэ бліжэй да беларускага народу, горацкія пяцідзясятнікі вырашылі маліцца на сваёй роднай мове.

(Цэван: ) “У маім сэрцы такое жаданьне, каб беларусы-пратэстанты павярнуліся да сваёй мовы, каб яны ўспомнілі, хто яны, і ведалі, што мову не выбіраюць, мова як матка, яе дае Бог, трэба гэтую мову шанаваць, трэба размаўляць на гэтай мове, сьпяваць і перадаваць сваім дзецям”.