ДЫПЛЯМАТЫЧНЫЯ ВЕДАМСТВЫ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ ВЯДУЦЬ ПЕРАМОВЫ НАКОНТ БЮРО НТВ У МЕНСКУ

Юры Сьвірко, Менск

А 10-й гадзіне раніцы на мікрааўтобусе расейскай амбасады зь менскага прадстаўніцтва тэлекампаніі НТВ было вывезенае ўсё абсталяваньне, у тым ліку тэлекамэра, асьвятляльная ды мантажная апаратура. Яно знаходзіцца цяпер на тэрыторыі амбасады пад абаронай Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам менскае бюро НТВ цалкам спыніла працу. Але МЗС Расеі вядзе актыўныя перамовы зь беларускім бокам наконт аднаўленьня дзейнасьці бюро.

Прадстаўнік расейскага МЗС Аляксандар Якавенка выказаў спадзеў, што гэта адбудзецца неўзабаве, і дадаў, што ягонае ведамства будзе рабіць усе намаганьні дзеля гэтага.

Аднак міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў пракамэнтаваў гэтую заяву так:

(Мартынаў: ) “Кантакты гэткага кшталту адбываюцца — і ў Маскве, і я тут прымаў амбасадара Расейскай Фэдэрацыі. Але канал, напрамак вырашэньня гэтай праблемы толькі адзін, і тут задзейнічаныя не МЗС. Канал гэты быў пазначаны ў прэсавым рэлізе Міністэрства замежных справаў Беларусі ў дзень спыненьня дзейнасьці спадара Селіна ў Беларусі. І гэты канал — прынясеньне афіцыйных публічных прабачэньняў у эфіры”.

Кіраўніцтва НТВ пакуль ня вырашыла, ці будзе прасіць у эфіры прабачэньня ў Беларусі. Прэсавая сакратарка тэлекампаніі Ірына Ган заявіла:

(Ган: ) “Па-першае, ніякіх лістоў НТВ не атрымлівала афіцыйных, дзе б гаварылася такое. Тое, што сказанае недзе на брыфінгу камусьці, гэта ні пра што ня кажа — ведамствы робяць афіцыйным шляхам, дасылаюць паведамленьні… Напэўна, у гэтай сытуацыі таксама трэба было б нейкі ліст. Наколькі мне вядома, генэральнаму дырэктару НТВ такіх лістоў накіравана не было.

Па-другое, вы ж цудоўна ведаеце, што такое рэдакцыйная палітыка. Карэспандэнт дакладна прытрымліваўся рэдакцыйнай палітыкі каналу НТВ — гэта аб’ектыўнае асьвятленьне”.

Спадарыня Ган паведаміла, што цяпер тэлеканал НТВ шчыльна працуе з МЗС Расеі, Міністэрствам друку Расеі, ёсьць кантакты з амбасадай Беларусі ў Маскве.

(Ган: ) “Разглядаюцца любыя законныя шляхі разьвязаньня сытуацыі, што склалася. Тэлеканал НТВ у асобе генэральнага дырэктара спадара Сянкевіча зьвярнуўся з просьбай у амбасаду Расеі ў Беларусі прыняць на захоўваньне абсталяваньне карпункту. Нягледзячы на тое, што разьвіцьцё падзеяў пайшло паводле неспрыяльнага сцэнару, кіраўніцтва каналу не губляе надзеі на разьвязаньне канфлікту. Тым больш што зацікаўленасьць у працягу працы карпункту НТВ праяўляе ў цэлым і іншы бок таксама — я маю на ўвазе менскі бок”.