ПРАДПРЫЕМСТВЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ПРЫМУШАЮЦЬ НАРЫХТОЎВАЦЬ СЕНА

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы гарадоў рэгіёну мусяць нарыхтаваць для вёскі ў гэты сэзон 96 тысяч тон сена. Гэта складае чацьвертую частку ад таго, што павінны назапасіць самі калгасы і саўгасы. У абласной сельгасуправе паведамілі, што гарадзкія арганізацыі здолелі пакуль накасіць толькі 4,5 тысячы тон сена.

Мяркуючы, што горад ня зможа ў поўным аб’ёме выканаць вялізарныя сенанарыхтоўчыя заданьні, райвыканкамы прапанавалі гарадзкім арганізацыям кампэнсаваць, так бы мовіць, недабор сена пералічэньнем грошай альбо набыццём для калгасаў касілак, прэсавых агрэгатаў, піламатэрыялаў ды іншых матэрыяльных рэсурсаў.

Хойніцкі райвыканкам, напрыклад, вызначыў і эквівалент кампэнсацыі: 30 тысяч рублёў за тону сена. Ня справіўся з заданьнем на 100 тон — купі калгасу што-небудзь на 3 мільёны рублёў альбо проста перавядзі сродкі на ягоны рахунак.

У аддзеле эканомікі райвыканкаму паведамілі, што дрэваперапрацоўчы камбінат у парадку кампэнсацыі купіў ужо поліэтыленавую плёнку для сельгаспрадпрыемства “Віць”. Кампэнсавалі сенанарыхтоўку грашыма аддзел адукацыі і атрад у справах надзвычайных сытуацыяў.

Матэрыяльна кампэнсуюць свае заданьні корманарыхтоўкі й некаторыя прадпрыемствы Сьветлагорску. Аб’яднаньне “Хімвалакно” перадало калгасу імя Карла Маркса амаль тону плёнкі і вязальнага шпагату. Лясгас адкупіўся піламатэрыяламі на суму 1 мільён 300 тысяч рублёў.

Аднак ня ўсім гаспадаркам шанцуе. Старшыня калгасу “Знамя камунізму” спадар Чаранок скардзіўся ў раённай газэце, што аддзяленьне “Беларусьбанку” пакуль не ахвяруе гаспадарцы абяцаныя грошы за сена, а дарожная арганізацыя — не дасылае касілку.

Прэтэнзіі да сваіх шэфаў, у тым ліку да лячэбна-працоўнага прафілякторыю і раённага аддзелу міліцыі, выстаўляе і дырэктар сельгаспрадпрыемства “Асташкавічы” Мікалай Сарокін. Маўляў, салідныя арганізацыі, а сена яшчэ і не пачыналі касіць.

Я зьвязаўся з начальнікам сьветлагорскай міліцыі Аляксандрам Гвозьдевым. Ён пацьвердзіў, што міліцыянтам райвыканкам даў заданьне накасіць 58 тон сена. Нарыхтоўваць яго ці кампэнсаваць — вырашаць саўгасу.

(Грозьдзеў: ) “Як гаспадарка палічыць патрэбным, так і будзем паступаць. Нарыхтоўка кармоў яшчэ вядзецца. Рашэньне будзем выконваць, а не абмяркоўваць”.