Распачаліся падзеі, зьвязаныя з захопам закладнікаў, увечары 9 ліпеня. На аўтастанцыі Капылю зьявіўся грамадзянін, які напаў на касірку Кацярыну Пліско. Вось што распавяла пра гэта нашаму радыё 10 ліпеня касірка капыльскай аўтастанцыі Дзіна Касьцючонак:
(Касьцючонак: ) “Чалавек працаваў у другую зьмену — з 1 гадзіны дня і да 9 вечара. А палове 9-й мы зачыняем касу і зьбіраемся дадому, ад’яжджаем аўтобусам. Яна зачыняла касу, а ён падышоў з вуліцы, з боку службовага ўваходу, абхапіў яе рукой, а другой рукой прыставіў нож да горла. І крычыць: мне аўтобус на Менск”.
Далей, паводле спадарыні Касьцючонак, падзеі разгортваліся наступным чынам. Крык пра дапамогу пачулі вартаўнік станцыі і кіроўца. Яны папрасілі адпусьціць маладую касірку. Злачынца не пагадзіўся і загадаў кіроўцу Мікалаю Лосіку сесьці ў аўтобус і завезьці яго ў Менск. Працягвае Дзіна Касьцючонак:
(Касьцючонак: ) “А ён з нашай дзяўчынкай ускочыў у аўтобус і на кіроўцу: вязі, а то зарэжу. Вось і ўсё: хочаш ня хочаш — наш аўтобус паехаў. З закладніцай. І кіроўца таксама быў закладнікам, бо выконваў усе патрабаваньні захопніка”.
Пра надзвычайнае здарэньне была апавешчаная капыльская міліцыя, а таксама больш высокія структуры Міністэрства ўнутраных справаў. На тэрыторыі Менскай вобласьці быў уведзены плян “Перахоп”. Як паведаміў прадстаўнік прэсавай службы Менскай абласной міліцыі Аляксандар Стрыгалёў, аўтобус быў спынены:
(Стрыгалёў: ) ”На перамовы пайшоў пракурор Капыльскага раёну Палішчук, які таксама стаў добраахвотным закладнікам. На запатрабаваньне злачынцы аўтобус был дазапраўлены палівам. На перамовы прыехалі кіраўнікі міліцыі і пракуратуры Менскай вобласьці. Яны распрацоўвалі плян затрыманьня. Злачынцу можна было схапіць, але ён мог ажыцьцявіць пагрозу. Усяго было праведзена пяць перамоваў. На апошнія прыбыў міністар Навумаў. Гэта было дзесьці каля 6 гадзінаў раніцы”.
Паводле інфармацыі спадара Стрыгалёва, злачынца запатрабаваў пісталет, а таксама папрасіў у міністра Навумава свабоды, не канкрэтызаваўшы, што мае на ўвазе. Пасьля гэтага тэрарыст здаўся. Было высьветлена, што яго ўзрост — 20 гадоў, мае судзімасьць. Адбываў пакараньне “на хіміі” ў Маладэчне, адкуль чамусьці зьбег у Капыль. Цяпер зь ім праводзяць сьледчыя дзеяньні.
Ахвяру злачынства Кацярыну Пліско, якая каля 9 гадзінаў правяла пад лязом нажа, адвезьлі ў непрытомным стане ў капыльскую лякарню. Доктарка Аксана Гулецкая ў чацьвер паведаміла нашаму радыё, што пасьля працяглага шоку былая закладніца, якая знаходзіцца на другім месяцы цяжарнасьці, мае патрэбу ў псыхалягічнай рэабілітацыі.