У 1988 ГОДЗЕ РЭЖЫМ ХУСЭЙНА ПАКАРАЎ СЬМЕРЦЮ КАЛЯ 100 ТЫСЯЧАЎ КУРДАЎ

Ул. інф.

Найболей людзей ірацкі рэжым зьнішчыў пасьля вайны зь Іранам у 1980-я гады і пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991-м. У паўночных раёнах Іраку ахвярамі найболей былі курды, якія распачалі партызанскае змаганьне супраць рэжыму Садама Хусэйна яшчэ ў час ірана-ірацкай вайны. Праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” падлічыла, што ў адным толькі 1988 годзе рэжым пакараў сьмерцю каля 100 тысячаў курдаў. Прадстаўнікі курдзкай супольнасьці ў Іраку кажуць, што пры канцы 80-х рэжым Хусэйна зьнішчыў больш за 180 тысячаў іхных супляменьнікаў.

У паўдзённым і цэнтральным Іраку пасьля антыўрадавага паўстаньня ў 1991 годзе зьніклі дзясяткі тысячаў мусульман-шыітаў. У апошніх выкрытых магілах каля гарадоў Хілаг і Мусаіб знайшлі каля трох з паловай тысячаў забітых. Найбольш верагодна, што гэта мусульмане-шыіты.

Прадстаўнікі Ірану і Кувэйту таксама шукаюць сваіх палонных. У час войнаў Ірак захапіў амаль тры тысячы іранцаў і больш за 600 кувэйцаў – верагодна, што ўсіх іх потым забілі.

Праваабаронцы і судовыя экспэрты зь няўрадавых групаў бяруць удзел у пошуках масавых пахаваньняў у Іраку. Кожная новая магіла пацьвяржае найгоршыя чаканьні, кажа Пауль Ван Зыль, дырэктар праграмаў Міжнароднага цэнтру юстыцыі ў пераходных грамадзтвах.

(Ван Зыль:) “Гэта адзін з жахаў, які мы пачынаем усьведамляць. Было столькі розных этапаў супрацьстаяньня ірацкага рэжыму з самымі рознымі групамі, і таму рэпрэсіі адбываліся практычная супраць усіх”.

Паводле праваабарончых групаў, агульная лічба ахвяраў можа сягаць 300 тысячаў, хоць гэтыя лічбы не пацьверджаныя. Вось што кажа прадстаўніца камісару ААН ў правах чалавека ў Іраку Мона Рышмаві:

(Рышмаві:) “Ніхто ня мае дакладных лічбаў. Людзі складваюць розныя лічбы і атрымліваецца каля 200 тысячаў, ці нават болей – ад 200 да 300 тысячаў. І гэта не перабольшаньне”.

Усе гэтыя падлікі яшчэ не бяруць пад увагу апошняе дзесяцігодзьдзе кіраваньня Садама Хусэйна. Расьледаваньнем гэтага пэрыяду займаўся адмысловы прадстаўнік ААН у Іраку Андрэас Маўрамаціс. Ён кажа, што атрымліваў інфармацыю пра пазасудовыя забойствы ў гэты час.