ШТО КАЖУЦЬ ЛЮДЗІ ПРА ЗАКРЫЦЬЦЁ Ў БЕЛАРУСІ КАРЭСПАНДЭНЦКАГА ПУНКТУ НТВ?

Галіна Абакунчык, Менск

Пра апошнія падзеі вакол карпункту расейскага тэлеканалу НТВ у Менску мае сёньняшнія суразмоўцы, за рэдкім выключэньнем, былі добра абазнаныя і ахвотна выказваліся на гэты конт.

(Спадарыня: ) “Канечне, адмоўна стаўлюся, бо ўсё павінна вырашацца неяк больш дэмакратычна. І таму, каб проста так узяць і выслаць — гэта нядобра”.

(Спадарыня: ) “Трэба, каб гэты пункт быў. Бо ў нас агульная дзяржава. І што — у Расеі будзе, а ў нас не? У якім тады становішчы Беларусь знаходзіцца?”

(Спадар: ) “Я думаю, што трэба не закрываць, а пашыраць тэлеканалы — і НТВ, і незалежныя”.

(Спадарыня: ) “Калі застанецца толькі БТ, то й усю інфармацыю давядзецца атрымліваць з гледзішча беларусаў. А гэта будзе ня так аб’ектыўна”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта непрадуманы крок. Бо калі ўлады не задавальнялі рэпартажы НТВ з гледзішча аб’ектыўнасьці, то яны мусілі пазбавіць журналіста акрэдытацыі, а не зачыняць увесь карпункт”.

Былі і тыя, хто станоўча ўспрымае і высылку зь Беларусі расейскага журналіста, і закрыцьцё прадстаўніцтва НТВ.

(Спадар: ) “Я лічу, што закрылі справядліва. Бо колькі я ні слухаў гэтае НТВ — заўсёды там была мана. Як толькі гаворка даходзіць да Беларусі, абавязкова нешта будзе несправядліва сказана. Я сам прысутнічаў на пахаваньні Васіля Быкава, а пасьля паслухаў расповед Паўла Селіна. Ён сказаў, што былі перашкоды, і тое, і сёе — такога не было”.

Некаторыя мінакі не маглі згадаць усіх акалічнасьцяў скандалу вакол НТВ у Беларусі, але меркаваньні пра стасункі мэдыяў з уладамі выказвалі недвухсэнсоўныя.

(Спадарыня: ) “Нават не магу адразу сказаць, добра гэта ці дрэнна. Але нічога кепскага яны не рабілі, таму ня варта было б адразу зачыняць, а спачатку разабрацца, у чым справа”.

(Спадар: ) “Маё стаўленьне да гэтага выключна адмоўнае. Любыя каналы павінны быць, шматлікасьць поглядаў. Акрамя таго, НТВ выгадна адрозьніваўся ад іншых каналаў. І наўрад ці нейкі зь іх можа прэтэндаваць на стоадсоткавую аб’ектыўнасьць. Але НТВ ніколі не перавышала нейкую прымальную долю перахлёстаў”.

(Спадарыня: ) “Аб’ектыўнасьць будзе згубленая. Яе і так ужо няма: можна сказаць, ідзе замбаваньне нацыі. А гэта ўвогуле нейкая абраза”.

(Спадарыня: ) “Мне вельмі шкада, што яго зачыняюць. І ўвогуле, гэта неяк павінна з ініцыятывы гледачоў быць — зачыніць альбо не зачыніць нейкую перадачу, газэту ці тэлеканал”.

(Спадар: ) “Я лічу, што нашыя ўлады ўсё робяць, каб прыціснуць незалежную прэсу і тэлебачаньне ў тым ліку. Безумоўна, стаўлюся да гэтага адмоўна”.