КАРПУНКТ НТВ У БЕЛАРУСІ ЗАЧЫНЯЕЦЦА

Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўніцтва тэлекампаніі НТВ адрэагавала на рашэньне беларускіх уладаў больш стрымана, чым прадстаўнікі расейскага ўраду. Калі ў афіцыйнай заяве Міністэрства друку Расеі зазначаецца, што “падобныя інцыдэнты ўласьцівыя толькі дзяржавам з таталітарнай формай кіраваньня”, што яны “супярэчаць духу ўмацаваньня саюзьніцкіх дачыненьняў паміж краінамі і парушаюць свабоду слова і незалежнасьць СМІ”, то сама тэлекампанія выказалася больш дыпляматычна. Гаворыць прэсавы сакратар генэральнага дырэктара тэлекампаніі НТВ Ірына Ган:

(Ган: ) “Тэлекампанія НТВ выказвае шкадаваньне ў сувязі з закрыцьцём Беларусьсю карпункту НТВ і расцэньвае, што такое рашэньне беларускіх уладаў пазбаўляе тэлекампанію магчымасьці аб’ектыўна асьвятляць сытуацыю ў Беларусі. Гэта, на думку тэлекампаніі, наносіць страты ня толькі расейскім, але і беларускіх гледачам. Кіраўніцтва НТВ зробіць усе неабходныя і дастатковыя крокі, каб дабіцца аднаўленьня працы карпункту”.

Ірына Ган кажа, што кампанія зацікаўленая ў тым, каб інфармацыя зь Беларусі працягвала паступаць на іх тэлеканал, “гэтаксама, як зацікаўленыя ў гэтым расейскія і беларускія гледачы ды і беларускае кіраўніцтва”. Намесьнік генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Гераімаў зазначыў у інтэрвію газэце “Коммерсант”, што “Беларусь рухаецца шляхам Туркмэністану”.

Беларускія ўлады гатовыя разгледзець пытаньне аб аднаўленьні рэгістрацыі карпункту НТВ толькі ў адным выпадку. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Пытаньне пра аднаўленьне рэгістрацыі прадстаўніцтва тэлеканалу НТВ можа быць разгледжанае ў выпадку прынясеньня тэлеканалам прабачэньня на адрас беларускіх уладаў у эфіры НТВ”.

Вось як адрэагавала на гэтае патрабаваньне прэсавы сакратар генэральнага дырэктара НТВ Ірына Ган:

(Ган: ) “Я зараз не гатовая адказаць на гэтае пытаньне, бо афіцыйны ліст яшчэ не атрыманы кіраўніцтвам НТВ. Вы спасылаецеся на тое, што паведамлялі агенцтвы, але афіцыйна мы такога ліста не атрымлівалі. Як толькі атрымаем, адпаведна будзем вырашаць, якія зрабіць крокі”.

Пасьля дэпартацыі Паўла Селіна ў менскім офісе НТВ засталося тры супрацоўнікі — усе грамадзяне Беларусі. Гаворыць адзін зь іх, апэратар Канстанцін Марозаў:

(Марозаў: ) “Я ня ведаю, як распарадзіцца намі лёс у будучыні. Прынамсі, ад кіраўніцтва НТВ мы стала чуем запэўніваньні, што нас не пакінуць і што мы будзем працаваць у нейкім іншым месцы. Але, канечне, неахвота зь Беларусі зьяжджаць”.

Канстанцін Марозаў паведаміў, што гэтыя два тыдні пасьля дэпартацыі Паўла Селіна здымачнай групе НТВ у Беларусі, калі прыехаў з Масквы новы спэцкарэспандэнт Вадзім Фефілаў, не ўдавалася рабіць здымкі нейкіх афіцыйных падзеяў, іх пазбавілі таксама рэлейных сродкаў сувязі, каб перадаваць свае матэрыялы ў Маскву. Вадзім Фефілаў зазначыў, што ў гісторыі НТВ яшчэ не было такіх выпадкаў, каб улады нейкай краіны зьліквідоўвалі яе карпункты, і гэты выпадак сьведчыць “не пра інтэграцыю ў саюзе Беларусі і Расеі, а пра дэзінтэграцыю”.