ГАЛАСАВАНЬНЕ ПА РЭЗАЛЮЦЫІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ Ў СПРАВЕ БЕЛАРУСІ АДБУДЗЕЦЦА ЗАЎТРА

Вольга Караткевіч, Ратэрдам

Прадстаўнікі дэлегацыі беларускай апазыцыі і Сяргей Скрабец, які прадстаўляе фракцыю “Рэспубліка”, мелі сустрэчы з дэлегацыямі Швэцыі, Польшчы, Вугоршчыны, з амэрыканскай дэлегацыяй і некаторымі іншымі. Заўтра будзе галасаваньне па рэзалюцыі ў справе Беларусі. Я б хацела зьвярнуць увагу на тое, што Беларусь, якая ўжо прадстаўленая ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Палатай прадстаўнікоў, ня возьме ўдзелу ў галасаваньні па гэтай рэзалюцыі. Рэч у тым, што, па-першае, дэлегаты ад Нацыянальнага сходу Міхаіл Орда, Натальля Андрэйчык і Ўладзімер Дзервянкоў зьехалі яшчэ пазаўчора, праігнараваўшы круглы стол, прысьвечаны зьменам у выбарчым заканадаўстве Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

Дарэчы, учора і прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Брус Джордж, і кіраўніца рабочай групы па Беларусі Ута Цапф, амэрыканская дэлегацыя выказалі глыбокае расчараваньне тым, што літаральна толькі што прызнаная Палата прадстаўнікоў адразу адмовілася ад дыялёгу. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад фракцыі “Рэспубліка” Сяргей Скрабец быў адзіны, хто гаварыў ад імя Нацыянальнага сходу, аднак ён не ўваходзіць у афіцыйную дэлегацыю, ён прыехаў на ініцыятыву тых палітыкаў, якія займаюцца Беларусьсю. Апроч таго, Палата прадстаўнікоў не заплаціла прадугледжаных складак, таму не магла ўдзельнічаць у галасаваньні пра сам праект рэзалюцыі па Беларусі.

Я чула пра тое, што адбываецца вакол карпункту НТВ у Беларусі. Тут у Ратэрдаме факт высылкі Паўла Селіна ўжо моцна камэнтаваўся ў часе круглага стала, і нямецкая парлямэнтарка Ута Цапф сказала, што гэта вельмі кепскі прыклад таго, як Беларусь ігнаруе стандарты АБСЭ.

Таксама падымалася пытаньне “Белорусской деловой газеты”. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Орда, камэнтуючы дэлегатам сытуацыю вакол “БДГ”, сказаў, што газэту папярэдзілі за публікацыю "з выказваньнямі ваенных злачынцаў", хаця прэтэнзіі да газэты зьвязаныя з публікацыямі пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі зь міс Расеі і са справай дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава.

Што да заўтрашняга галасаваньня па рэзалюцыі ў справе Беларусі, то верагоднасьць яе прыняцьця вельмі высокая. Магчыма, і расейская дэлегацыя ня будзе надта супраць, як гэта звычайна было. Зноў падкрэсьлю, што той факт, што афіцыйная беларуская дэлегацыя зьехала такім чынам, спрычыніўся да таго, што нават Генадзь Селязьнёў, які звычайна крытыкуе беларускую апазыцыю, сёньня ў сваім выступе ні словам не згадаў Беларусь. Да праекту рэзалюцыі няма ніводнай папраўкі, гэта азначае, што ініцыятары правялі дыпляматычную працу і ўзгаднілі асноўныя пункты. На сэсіі прыводзіліся шматлікія факты пра рэальную сытуацыю ў Беларусі, прычым ня толькі прадстаўнікамі апазыцыі, але і эўрапейскімі парлямэнтарамі. Напрыклад, швэдзкая дэпутатка расказала, што яна асабіста ведае людзей, якія актыўна бралі ўдзел у мясцовых выбарах і пасьля альбо страцілі працу, альбо перасьледаваліся на месцы працы.