ДЗЯСЯТКІ ТЫСЯЧАЎ ІРАКЦАЎ ЗЬНІКЛІ ПАДЧАС КІРАВАНЬНЯ САДАМА ХУСЭЙНА

Ул. інф.

У Іраку знайшлі ўжо каля 100 калектыўных магілаў. Каб вызначыць, хто там пахаваны, спатрэбяцца месяцы ці нават гады. У найбуйнейшай магіле знайшлі каля 3 тысячаў чалавек, і паводле некаторых ацэнак, там могуць знайсьці прынамсі яшчэ двойчы столькі ж.

Сотні мяхоў з чалавечымі парэшткамі і кавалкамі адзеньня стаяць у вясковых памяшканьнях для сходаў па ўсім Іраку. Людзі прыходзяць і праглядаюць мяхі, шукаючы парэшткі сваякоў і сяброў.

Карэспандэнт Радыё Свабода Валянцінас Мітэ наведаў у мінулым месяцы адну з такіх вёсак прыкладна ў 50 кілямэтрах ад Багдаду. Дзясяткі людзей праглядалі мяхі. Адзін зь іх – Хусэйн Абід Хашэм – вагаўся, ці ўзяць на пахаваньня адзін зь мяхоў. Ён ня быў упэўнены, ці сапраўды парэшткі належаць ягонаму брату Абасу.

(Хашэм:) “Я знайшоў рэчы, якія маглі яму належаць. Але ці ён гэта? Я не магу забіраць цела, калі я ня ўпэўнены на 100 адсоткаў”.

Хашэм шукае свайго брата з таго часу, як у траўні знайшлі першае масавае пахаваньне і распачаліся пошукі іншых.

Пасьля паўстаньня ірацкіх шыітаў у 1991 годзе рэжым Садама Хусэйна наладзіў масавыя расстрэлы. Невядома, колькі чалавек тады забілі. Ахвярамі рэжыму былі і прадстаўнікі іншых рэлігійных групаў, а таксама грамадзяне Кувэйту, якія патрапілі ў палон пасьля ірацкага нападу ў 1990 годзе. Некаторыя іракцы кажуць, што нават ведаюць, хто забіваў іхных сваякоў.

Паводле прадстаўніцы камісара ААН ў правах чалавека ў Іраку Моны Рышмаві, міжнародная супольнасьць мусіць выпрацаваць стратэгію расьсьледаваньня злачынстваў ірацкага рэжыму.

(Рышмаві: ) “Відавочна, што сем’і ахвяраў і ахвяры, якія выжылі, вельмі сур’ёзна ставяцца да гэтага пытаньня. У асноўным яны кажуць пра тры рэчы. Яны кажуць пра паважнае пахаваньне для сваіх родных. Яны таксама кажуць пра пакараньне вінаватых у судзе. І я таксама шмат чую пра працэс кампэнсацыі”.