ЯКАЯ ПРЫЧЫНА ТЭРАКТАЎ У РАСЕІ?

Севярын Квяткоўскі, Менск

Нямала менчукоў не задумваюцца пра прычыны тэрактаў, якія адбываюцца ў Расеі:

(Спадар: ) “Ня ведаю, я не задумваўся над гэтым пытаньнем”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю…”

(Пэнсіянэрка: ) “Паўсюль цяпер усё магчымае”.

(Хлопец: ) “Мне бяз розьніцы”.

(Пэнсіянэрка: ) “Ня ведаю, што сказаць… Вельмі цяжка, што так адбываецца. Хай бы яно лепш не здаралася”.

Але большасьць выразна ўсьведамляе сувязь між тэрактамі ў Маскве ды іншых гарадах, і вайной, якая цягнецца ў Чачэніі:

(Школьнік: ) “Прычына заключаецца ў тым, што чачэнскія баевікі вядуць супраць уладаў Расейскае Фэдэрацыі. Яны папросту хочуць жыць у незалежнай краіне, у Чачэніі”.

(Спадарыня: ) “Прычына ясная ўсім — супрацьстаяньне ў Чачэніі”.

(Хлопец: ) “Чачэнская вайна. Якія могуць быць яшчэ прычыны?”

Менчукі розьняцца ў сваім стаўленьні да вайны ў Расеі. Адныя падтрымліваюць расейскія ўлады, іншыя кажуць пра неабходнасьць спыненьня вайны, трэція выступаюць за пошук палітычнага рашэньня:

(Школьнік: ) “Я лічу, што хутка ня спыніцца. РФ ня можа нічога зрабіць сэнсоўнага для гэтага”.

(Спадар: ) “А што ж рабіць… Калі спыніць вайну, пачнецца разгул злачыннасьці. Вайну трэба працягваць”.

(Спадарыня: ) “Ці можна спыніць вайну? Ізраіль ужо колькі гадоў спрабуе спыніць вайну з арабамі. Пакуль што ў іх гэта атрымалася — заключылі замірэньне з дапамогай ЗША. А ці атрымаецца такое ў Расеі? Як Пуцін казаў: “Мачыць у сарціры”. Гэта фанатыкі”.

(Хлопец: ) “Ёсьць досьвед Ірляндыі, Францыі пасьля тэрактаў. Немагчыма ж прыставіць да кожнага выхаду міліцыянта”.

(Студэнт: ) “Трэба спыняць тэрарызм і сілай, і маральлю”.

(Хлопец: ) “Пэўна, трэба зрабіць больш жорсткім рэжым: правяраць на вуліцах дакумэнты, торбы, машыны”.

(Спадар: ) “Трэба штосьці рабіць, але што — гэта справа вельмі тонкай палітыкі”.

Толькі невялікая частка апытаных менчукоў мяркуе, што падобныя тэракты магчымыя ў Беларусі:

(Дзяўчына: ) “А чаму б не? Такое магчыма паўсюль. У Беларусі таму ж, што і ў Расеі: людзі злыя, нянавісьць… Усялякае бывае”.

(Школьнік: ) “Пры інтэграцыі з Расеяй, яна нам не патрэбная зусім. Бо гэта праглынаньне нашае краіны”.

(Хлопец: ) “У нас магчыма. У нас міліцыі шмат, але яна ня надта добра сочыць за парадкам”.

Але больш распаўсюджаныя адказы, дзе людзі сумняюцца ў магчымасьці тэрактаў у Беларусі:

(Спадар: ) “На сёньня малаверагодна. Бо ў нашая зьнешняя палітыка — неўмяшальніцтва ў справы Расейскае Фэдэрацыі. Таму чачэнскім тэрарыстам няма сэнсу ладзіць канфліктныя сытуацыі на тэрыторыі Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Малаверагодна. У нас паліцыі больш, чым жыхароў. Толькі форму ня носяць”.

(Хлопец: ) “Нашыя войскі ня ўдзельнічалі ў канфлікце ў Чачэніі. Таму наўрад ці”.

(Спадарыня: ) “Беларусы ня тая нацыя: цалкам іншы мэнталітэт. У Беларусі падобнага ня будзе ні пры якіх умовах”.

(Студэнт: ) “Да беларусаў гэта ня дойдзе: на Расею свае погляды, на Беларусь свае”.