ІМЕМ ВАСІЛЯ БЫКАВА ПРАПАНУЮЦЬ НАЗВАЦЬ АДЗІН З ПРАСПЭКТАЎ МЕНСКУ

Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, у склад камісіі акрамя родных, блізкіх і сяброў Васіля Быкава, выказалі жаданьне ўвайсьці пісьменьнікі з Расеі, Украіны і Нямеччыны, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Чэхіі. У прыватнасьці, у камісію ўвайшлі ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна, сын Сяргей, а таксама Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў ды іншыя, ад Расеі — Валянцін Аскоцкі і Лазар Лазараў, ад Украіны чакаецца ўдзел Дзьмітра Паўлычкі.

Першае паседжаньне грамадзкай камісіі чакаецца на гэтым тыдні. Паводле Алеся Пашкевіча, ужо вызначаныя стратэгічныя, найбольш маштабныя кірункі дзейнасьці камісіі:

(Пашкевіч: ) “Найперш апублікаваньне тых твораў, якіх яшчэ чытачы ня бачылі, пытаньне публікацыі збору твораў Васіля Быкава, зьбіраньне ў адно абшырнай і маштабнай перапіскі, якую Васіль Уладзімеравіч найперш апошняе дзесяцігодзьдзе вёў са сваімі калегамі, сябрамі на Беларусі, у Расеі, Украіне і іншых дзяржавах. Каардынуе дзейнасьць грамадзкай камісіі Саюз пісьменьнікаў. Будзе неўзабаве першае паседжаньне гэтай камісіі, і будуць канкрэтныя прапановы, якія датычаць творчай спадчыны і грамадзкага ўшанаваньня на Беларусі і за яе межамі”.

Алесь Пашкевіч кажа, што ўжо ёсьць прапановы назваць імем Васіля Быкава адзін з праспэктаў Менску, а таксама вуліцы ў Горадні і Вушачах, даць яго імя навучальнай установе ў Віцебску, школе ў Вушачах, усталяваць помнік і мэмарыяльную дошку, выдаць збор твораў да дзесяці тамоў ды іншае. Гэтая ж камісія будзе зьбіраць творчую спадчыну Быкава, тое, што не захавалася ў ягоным асабістым архіве.

Але першым і самым важным крокам насёньня Алесь Пашкевіч лічыць выданьне Кнігі памяці Васіля Быкава, куды ўвайшлі б усе ягоныя гутаркі й інтэрвію апошняга дзесяцігодзьдзя. Мяркуецца іх сабраць і выдаць адным томам, праілюстраваўшы карцінамі самога Васіля Быкава, ягонымі акварэлямі і графікай.

Ва ўрадзе чакаюць прапановаў у справе ўшанаваньні памяці Васіля Быкава ад грамадзкай камісіі, паведаміў намесьнік міністра культуры Беларусі Валеры Гедройц. А Таварыства беларускай мовы ўжо вылучыла свае прапановы ва ўрад, сярод якіх стварэньне літаратурнага музэю ў хаце, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну. Валеры Гедройц мяркуе, што ўшанаваньне памяці Быкава адбудзецца ўрэшце на высокім узроўні, як адной з самых выдатных постацяў у гісторыі краіны.

Грамдзкая камісія ўлічвае, што ў наступным годзе будзе адзначацца 80-годзьдзе з дня нараджэньня Васіля Быкава. Гаворыць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Гадавіна пасьля сьмерці Васіля Быкава супадае зь ягоным 80-годзьдзем. Сёньня ўжо ёсьць дамоўленасьць, што літаратурныя мерапрыемствы па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава адбудуцца ня толькі ў Менску, але і ў іншых краінах: найперш у Цэнтральным доме літаратара ў Маскве і ў Кіеве”.

Рада ПЭН-Цэнтру на гэтым тыдні таксама выпрацуе свае прапановы ў справе ўшанаваньня памяці Васіля Быкава, які ўзначальваў Беларускі ПЭН-Цэнтар, – паведаміў віцэ-прэзыдэнт арганізацыі Андрэй Дынько:

(Дынько: ) “Мы задумалі зладзіць канфэрэнцыю да ўгодкаў сьмерці Васіля Быкава пад назвай “Спадчына Быкава”, якую пастараемся зладзіць у супрацоўніцтве з рознымі іншымі структурамі, такімі як Саюз пісьменьнікаў ці БДУ”.

Акрамя таго, сябар Васіля Быкава паэт Рыгор Барадулін зьбіраецца асобна выдаць сваю перапіску зь ім.