3 ЛІПЕНЯ Ў БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАЕЦЦА АФІЦЫЙНАЕ СЬВЯТА — ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Валер Каліноўскі, Менск

Цяперашняе сьвята супадае з днём вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі і мае ў значнай ступені вайсковы характар. На Кастрычніцкай плошчы ў Менску падчас афіцыйных урачыстасьцяў знаходзіўся наш карэспандэнт.

Урачыстасьці пачаліся раніцай з прыезду на Кастрычніцкую плошчу картэжу чорных лімузынаў з Аляксандрам Лукашэнкам. А праз паўтары гадзіны ўрачыстая частка сьвята скончылася тым, што картэж Аляксандра Лукашэнкі разьвярнуўся на плошчы і адбыў у рэзыдэнцыю “Дразды”. Толькі пасьля гэтага менчукі адчулі палёгку і ненадоўга захапілі праезную частку праспэкту.

Прыйсьці на гасьцявыя трыбуны маглі толькі асобы з запрашэньнямі, мінуўшы некалькі міліцэйскіх кардонаў. Падчас урачыстасьцяў міліцыянты, пераапранутыя ў цывільнае, стаялі ланцугамі і пільнавалі натоўпы людзей, што сабраліся на подступах да плошчы. Пільнавалі так старанна, што калі камусьці на гасьцявой трыбуне стала кепска, то мэдыкі доўга не маглі трапіць да хворага, пакуль вышэйшыя міліцэйскія чыны не дазволілі лекарам прайсьці па праезнай частцы праспэкту Францішка Скарыны.

Паколькі парадам камандаваў генэрал-лейтэнант Усхопчык, якога ў Літве абвінавачваюць у падаўленьні выступаў за незалежнасьць у Вільні ў 1991 годзе, то літоўскага амбасадара на ўрачыстасьцях не было. Не прыйшлі і некаторыя іншыя заходнія амбасадары.

Вайсковы парад прайшоў хутка, сёлета не было паказу вайсковай тэхнікі. Выначылася сваім дзесяціхвілінным пляц-канцэртам рота ганаровай варты. Праўда, камандзір гэтага падразьдзяленьня ў інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню дапусьціў некарэктнае выказваньне, сказаўшы, што ў роту прымаюцца толькі юнакі са “славянскай зьнешнасьцю”.

А вось шэсьце піянэраў і моладзі, актывістаў БРСМ вызначалася малой падрыхтаванасьцю — дзеці ішлі ня ў ногу і без асаблівага энтузіязму. Заключная частка параду складалася з шэсьця фізкультурнікаў і спартоўцаў: хакеістаў, баксэраў, футбалістаў, коньнікаў, лыжаролераў ды іншых. Спартоўцы нават несьлі на руках байдаркі і мадэлі яхтаў. Дыктар, які абвяшчаў і камэнтаваў зьяўленньне кожнай новай калёны, гаварыў выключна па-расейску.

Афармленьне гораду нагадвала сьвяткаваньне Дня перамогі: вэтэраны з мэдалямі, рэдкія партрэты Машэрава ў іх руках сьведчылі, што многія сьвяткуюць ня Дзень незалежнасьці, а Дзень вызваленьня Менску. Ды і сам Аляксандар Лукашэнка немалую частку сваёй прамовы прысьвяціў мінулай вайне і яе вэтэранам. Ён таксама заявіў, што гістарычны арыенцір Беларусі — “дэмакратычная эканамічна разьвітая дзяржава, якая займае дастойнае месца ў сучасным сьвеце, у адзінай эўрапейскай сям’і народаў”, і што Беларусь дастаткова моцная, каб паставіць заслону любому злу.

(Лукашэнка: ) “Станаўленьне і ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці адбываецца ў складанай міжнароднай абстаноўцы, вайна ў Пэрсідзкай затоцы, новыя пагрозы на адрас няўгодных краінаў ствараюць напружанасьць ва ўсім сьвеце. Лічым, што забесьпячэньне міру і стабільнасьці ў міжнародных адносінах магчыма толькі на аснове нормаў міжнароднага права”.

Адрозна ад учорашняга выступу ў Палацы Рэспублікі, А.Лукашэнка сёньня выступаў па-расейску. Беларускага слова на сьвяце пачуць не ўдалося, калі не лічыць выкананьне вайсковымі музыкантамі дзяржаўнага гімну, які суправаджаўся артылерыйскімі залпамі.