ПРАЦЯГВАЮЦЦА ПРАБЛЕМЫ РАСЕЙЦАЎ, ЯКІЯ ЕДУЦЬ У КАЛІНІНГРАД І ЗАТРЫМЛІВАЮЦЦА НА БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ

Юры Сьвірко, Менск

Пасьля амаль сутак чаканьня ўначы з аўторка на сераду першая група расейскіх грамадзян, якую літоўскія памежнікі зьнялі зь цягнікоў да Калінінграду, усё ж здолела паехаць туды са станцыі Гудагай маскоўскім цягніком. Але з новых транзытных цягнікоў літоўскія памежнікі зьнялі новую групу расейцаў бяз спрошчаных праязных дакуэнтаў, якія замяняюць візы. Сярод затрыманых былі школьнікі з Самары. Старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандар Паўлоўскі на прэсавай канфэрэнцыі ў другой палове дня 2 ліпеня паведаміў:

(Паўлоўскі: ) “Цяпер 36 грамадзян, у тым ліку 22 дзіцёнкі, знаходзяцца на вакзале чыгуначнай станцыі Гудагай. І там прымаецца рашэньне наконт лякалізацыі гэтай праблемы”.

Але пазьней гэтыя словы спадара Паўлоўскага абвергнуў кіраўнік прэсавай службы Калінінградзкай чыгункі Аляксандар Першын, які заявіў, што самарскія школьнікі знаходзяцца ў Менску. Яны раней наведалі Хатынь, Берасьце, Віцебск і купілі ў менскіх касах квіткі на цягнік Гомель–Калінінград, на якім праезд са спрошчанымі дакумэнтамі не дазволены. Нельга бязь візаў ехаць і цягнікамі Харкаў–Калінінград і Менск–Калінінград.

Адмысловы прадстаўнік расейскага прэзыдэнта ў справах Калінінградзкай вобласьці Дзьмітры Рагозін зрабіў нават заяву, што паездкі ў Калінінград не з расейскай тэрыторыі ня ўпісваюцца ў новую схему транзыту, якая пачала дзейнічаць 1 ліпеня. “Што да цягнікоў беларускага ды ўкраінскага фармаваньня, дык гэтае пытаньне мусіць вырашацца з кіраўніцтвам гэтых дзяржаваў”, — сказаў спадар Рагозін, спаслаўшыся на словы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Дзьмітры Рагозін паведаміў таксама, што ён ад імя Пуціна даў загад спыніць продаж чыгуначных квіткоў на Калінінград іншымі чыгункамі, апрача расейскіх, і накіраваць на беларуска-літоўскую мяжу прадстаўнікоў расейскіх МЗС і Міністэрства шляхоў зносінаў. Гэта ўжо зробленае — у Гудагаі працуюць консул Расеі ў Берасьці.

Аднак беларускія ўлады вырашаць праблему транзыту расейцаў не зьбіраюцца. Камандуючы памежнымі войскамі генэрал Паўлоўскі заявіў:

(Паўлоўскі: ) “Гэтая дамова, якая тычыцца праезду ў Калінінградзкую вобласьць, тычылася толькі Расейскай Фэдэрацыі й Літвы. Беларусь у ёй удзелу ня брала і ніякіх забавязаньняў у гэтым выпадку на сабе не брала. Сытуацыя, якая склалася ня мяжы, гэта чыста тэхнічнае невырашэньне пытаньня”.

Спадар Паўлоўскі абвінаваціў расейскіх грамадзян у тым, што, купляючы квіткі на цягнік, яны не атрымалі спрошчаных праязных дакумэнтаў для транзыту празь Літву.