(Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч: ) “У нашай роднай беларускай мове сёньня не хапае словаў, каб выказаць тую жалобу, той смутак, тое няшчасьце, якое нападкала нашую Беларусь і ўвесь сьвет. Чорная дата 22 чэрвеня 1941 году прайшла праз жыцьцё і ўсю творчасьць Васіля Ўладзімеравіча Быкава. Самім лёсам яму было наканавана выжыць пасьля двух раненьняў і аднаго пахаваньня, каб сказаць тое, чаго яшчэ нікто не гаварыў. Вайна — гэта абсалютнае зло і агульначалавечая трагедыя. Дзень 22 чэрвеня праз 62 гады стаў чорнай датай для Беларусі, стаў яшчэ больш злавеснай датай для ўсіх нас. Спынілася сэрца салдата і патрыёта, вялікага пісьменьніка і грамадзяніна Васіля Ўладзімеравіча Быкава.
Беларуская літаратура панесла найвялікшую і непапраўную страту. Васіль Быкаў быў ня проста літаратарам сусьветнага маштабу, ён быў і застаецца ня толькі славутым пісьменьнікам, але быў і застаецца сумленьнем нацыі, вялікім сынам нашай радзімы.
Па творах Васіля Быкава ведалі й будуць ведаць пра Беларусь ва ўсім сьвеце. Творчасьць Васіля Быкава, перш за ўсё знакамітыя аповесьці “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская баляда”, “Дажыць да сьвітаньня”, “Сотнікаў”, “Мёртвым не баліць”, “Пайсьці і не вярнуцца”, “Круглянскі мост”, “Знак бяды” перакладзеныя на дзясяткі моваў сьвету. Ён стаў клясыкам пры жыцьці, зьведаў і славу, і беспрэцэдэнтнае цкаваньне і ганьбаваньне.
Але да сваёй славы, шматлікіх заслужаных узнагарод ён ставіўся спакойна. На брудныя наскокі намагаўся не рэагаваць. Хоць усё гэта атручвала ягонае жыцьцё. Дзіўным чынам у гэтым чалавеку ўжывалася цьвёрдасьць і бескампраміснасьць у адстойваньні прынцыпаў несправядлівасьці і праўды зь мяккасьцю характару, выключнай далікатнасьцю і тактам у адносінах зь людзьмі.
Маючы бездакорны маральны аўтарытэт, сусьветную славу, мудрасьць нацыянальнага прарока, ён мог гаварыць тое, што хацеў, ацэньваць падзеі і людзей сваімі меркамі, паводле сваіх маральных і грамадзянскіх прынцыпаў. У Васіля Ўладзімеравіча былі вялікія творчыя і жыцьцёвыя пляны. Ён разумеў немагчымасьць зьдзяйсьненьня задуманага тут, на радзіме — дзе ўсчалася новая хваля шальмаваньня. І ён на пяць гадоў пасяліўся за мяжой, дзе цалкам прысьвяціў сябе творчай працы: напісаў некалькі кнігаў, аповесьцяў, прыпавесьцяў, апавяданьняў. У іх новы і часам нязвыклы Быкаў. Творы апошняга пэрыяду чакаюць свайго дасьледчыка, свайго прачытаньня.
Падсумаваў сваё творчае і зямное жыцьцё Васіль Уладзімеравіч мэмуарнай кнігай “Доўгая дарога дадому”, якую ўжо знаходзячыся на бальнічным ложку, пасьля цяжкай апэрацыі пасьпеў патрымаць у руках. Васіль Быкаў вярнуўся на радзіму да родных, сяброў, знаёмых, паплечнікаў, да сваёй Беларусі. На бацькоўскую зямлю вярнуўся, каб назаўсёды спачыць у ёй.
Хай будзе Вам пухам родная пакутная беларуская зямля, дарагі Васіль Уладзімеравіч! І няхай на векі вечныя жыве разам з Вамі нашая Беларусь!
Жалобную грамадзянскую паніхіду, прысьвечаную разьвітаньню з народным пісьменьнікам Беларусі Васілём Быкавым, прысьвечаную разьвітаньню з гонарам і годнасьцю нашай нацыі, абвяшчаем адкрытай. Слова для выступленьня мае народны паэт Беларусі, сябар і паплечнік Васіля Ўладзімеравіча Рыгор Барадулін”.
(Рыгор Барадулін: ) “Нечысьць на зямлю бяду наклікала,
Перагарадзіла белы дзень гара.
Засталася Беларусь бяз Быкава
Беднай хатай без гаспадара.
Дарагі Васілю! Родны Васілю! Я ўжо больш не пачую твайго “Рыгорка!”, больш ня ўбачу цябе, схіленым над рукапісамі, больш ня ўбачу твайго прыветнага позірку. Фармальна ня ўбачу, але ўсё гэта ў маёй душы.
Васіль дарагі! Васіль любы! Пасьля сьмерці мамы гэта мая самая большая страта. Тры сьвятых, тры арыенціра ў маім жыцьці былі, ёсьць і будуць. Гэта Бог, Мама і Васіль Быкаў. Сьветлая памяць Васілю Быкаву! Бог! Прымі тваю душу. Сьветлая табе памяць і вечны пакой!”
(Алесь Пашкевіч: ) “Паважанае спадарства! На адрас Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-Цэнтру прыходзілі і прыходзяць дзесяткі і сотні спачувальных тэлеграмаў з розных куткоў Беларусі і ўсяго сьвету. Прыходзяць, прыходзілі і прыходзяць спачувальныя тэлеграмы ад розных грамадзкіх установаў, грамадзкіх аб’яднаньняў. Сярод іх з Саюзу пісьменьнікаў Расійскай Фэдэрацыі, Нацыянальнага Саюзу пісьменьнікаў Украіны, Саюзу пісьменьнікаў Літвы, Латвіі, Польшчы. На адрас сям’і Васіля Ўладзімеравіча прыйшлі спачувальныя тэлеграмы за подпісамі прэзыдэнта Расійскай Фэдэрацыі Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна, за подпісам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгорыча Лукашэнкі, ад дзясяткаў грамадзкіх дзеячаў, сярод іх спачувальная тэлеграма ад Зянона Пазьняка. Сёньня разьвітацца з народным пісьменьнікам Беларусі сыходзіцца ня толькі ўвесь Менск, але ўся Беларусь, уся свабодная Эўропа.
Да мікрафону запрашаецца сакратар Нацыянальнага саюзу ўкраінскіх пісьменьнікаў Вячаслаў Мядзьведзь”.
(Вячаслаў Мядзьведзь: ) “Гэта не віна пісьменьнікаў, што сам час стаў жорсткім адносна чалавека. Гэта ня нашая віна, што нам даводзіцца запаўняць паражнечу, якая ўтварылася ня з нашай волі. Чалавек, якога намаляваў і апяваў Васіль Быкаў, жывы і прысутнічае на гэтай зямлі. Гэта найбольшая радасьць асабіста для мяне.
Яшчэ ўчора ў Кіеве пісьменьнікі прыгадвалі Васіля Быкава, пераказвалі сюжэты яго цудоўных аповесьцяў, а таксама прыгадвалі, што ягонае прозьвішча выбітае на мэмарыяльнай пліце з часу другой сусьветнай вайны ва Ўкраіне пад Кіраваградам. Для звычайнага чалавека гэта было б трагічна, а для такога вялікага чалавека гэта, магчыма, Боскі знак. Слава Васілю Быкаву, слава Беларусі!”
(Пашкевіч: ) “Жалобнае слова прамовіць паэт, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, сябар і паплечнік Васіля Ўладзімеравіча Генадзь Бураўкін”.
(Генадзь Бураўкін: ) “Нехта таленавіты аднойчы сказаў: “Няма прарокаў у сваей Айчыне”. І даволі многія ў нашым краю радасна з гэтым пагадзіліся. Няма прарокаў — ёсьць толькі павадыры. Няпраўда! Прарокі ёсьць і ў Беларусі таксама. І сёньня мы прыйшлі да прарока, да вялікага беларуса, да выключнага чалавека, да мужнага салдата, на жаль, у горкую хвіліну. У гэтыя чорныя дні я пачуў такія словы, што пасьля 22 чэрвеня Беларусь можа стаць іншай: Беларусь будзе жыць бяз Быкава.
Я вельмі хачу, каб Беларусь стала іншай. Але я ніколі не пагаджуся, што Беларусь будзе жыць бяз Быкава! Калі яна сапраўдная краіна, калі наш народ сапраўдны народ, ён ня можа жыць бяз Быкава, без таго, чым хваляваўся, без таго, з-за чаго згарэў наш дарагі, наш любімы Васіль Ўладзімеравіч.
Сёньня пашану яму аддае калі ня ўвесь сьвет, то ўся Эўропа. Яны называюць яго вялікім пісьменьнікам сучаснасьці, яны называюць яго выдатным грамадзянінам дваццатага стагодзьдзя. Але толькі мы, беларусы, па-сапраўднаму ведаем, які гэта сапраўды глыбінны талент, які гэта сапраўды мужны грамадзянін, які гэта адданы сын Беларусі. Толькі мы. І наш абавязак, каб Беларусь нарэшце зразумела гэта. Няма праблемы, каму хаваць Васіля Быкава. Выйдзеце на вуліцу! Людзі сказалі, хто хавае Васіля Быкава. Яго хавае народ! Яго хаваюць тыя, хто не па загаду, а па парыву сэрца ня мог не прыйсьці сюды. І, я думаю, тыя, у каго ёсьць вочы, абавязаны паглядзець, колькі людзей прыйшло разьвітацца з Быкавым.
Даруй, Васіль, за ўсё, што перанёс,
За ворагам нанесеныя раны.
За брудныя пляўкі з тэлеэкрана,
За сьлёзы ўшацкіх, сьсечаных бяроз.
Даруй, што ўсе свае зямныя дні,
Ты азіраўся з горыччу міжволі
На памяці закінутае поле
І спадзяваньняў паленыя пні.
Даруй за наш нялітасьцівы час,
За ціхае кананьне роднай мовы,
За ўдзячнасьці запозьненыя словы
І ласкі зэканомлены запас.
Тужлівымі, пакутлівымі снамі
Ты будзеш вечна раіцца сынам.
Я ведаю, ты ўсё даруеш нам.
Але ці зможам дараваць мы самі?
Бывай, дарагі Васіль! Бывай!”
(Пашкевіч: ) “Слова мае сакратар Саюзу пісьменьнікаў Масквы, сябар Васіля Ўладзімеравіча Валянцін Аскоцкі”.
(Валянцін Аскоцкі: ) “Дарагія сябры! Сябры агульнага гора, агульнай бяды, агульнай страты, якая зьвяла нас усіх у гэтай залі. Дарагія сябры з Саюзу пісьменьнікаў Беларусі! Ваш смутак зьліваецца з нашым смуткам, са смуткам Саюзу пісьменьнікаў Масквы і Міжнароднага літаратурнага фонду. Прыміце гэты наш смутак разам з вашым смуткам.
Дарагія сябры! Калі думаеш аб уроках жыцьця і творчасьці Васіля Быкава, то думаеш аб тым, што талент пісьменьніка ня можа быць сапраўдным талентам, калі ён ня корміцца сокамі сваёй нацыянальнай глебы, сокамі сваёй зямлі. Беларусь, яе гісторыя, яе трагедыя вырасьцілі талент Васіля Быкава. У яго слове адклікнуліся і нацыянальныя драмы беларускай гісторыі, і калгасны боль калектывізацыі, і драма вайны, драма акупацыі, драма партызаншчыны.
Адсюль гэты ёмкі вобраз, які вынес назву адной са сваіх аповесьцяў — “Знак беды”. Гэтыя словы, “знак бяды”, сталі знакавымі словамі гісторыі і яе драмаў. Але любы талент, калі корміцца сокамі роднай зямлі, звужае і абмяжоўвае сябе, калі гэтыя нацыянальныя сокі не ўліваюцца ў струмень сусьветнай культуры, калі ён не выходзіць вялікім агульначалавечым духоўным і маральным каштоўнасьцям.
І слова Васіля Быкава дарагое і значнае менавіта тым, што адпіхваецца ад беларускай зямлі. Яно выйшла да сусьветнай культуры, да сусьветных духоўных каштоўнасьцяў. І калі думаеш аб гэтым агульначалавечым пачатку яго творчасьці, то я б сказаў так: “Гэта боль за чалавека, за чалавека прыніжанага, чалавека нявольнага, чалавека, які жыве ў атмасфэры недаверу і агульнай падазронасьці”. Адсюль патас веры ў чалавека і давер да чалавека. Якраз драматычны талент Васіля Быкава прымусіў яго напісаць аповесьць аб чарнобыльскай трагедыі і асэнсаваць чарнобыльскую трагедыю як трагедыю плянэтарную.
Аб гэтым яго прымушае думаць адзін зь яго апошніх твораў “Вось аповесьць труба”, аб тым, як ён арганічна, пачынаючы з аповесьці “Трэцяя ракета”, уварваўся ў расейскую літаратуру. І Грыгоры Бакланаў адзначае гэтую аповесьць ў сваім артыкуле, гэта быў першы артыкул на расейскай мове пра Васіля Быкава: “Запомніце гэтае імя! Яно яшчэ сустрэнецца вам”. Яно ня толькі сустрэлася, яно трывала замацавалася ў гісторыі літаратуры. І я разумею таго чытача, дакладней чытачку, якая прачытала артыкул у газэце “Московский комсомолец” пра Васіля Быкава і назвала яго сумленьнем Беларусі. Але ж ён і сумленьне Расеі таксама. Я думаю, што ў гэтым водгуку разуменьне сапраўднага маштабу таленту Васіля Быкава.
Васіль Быкаў быў сумленьнем Беларусі. Але ён адначасова быў таксама і сумленьнем Расеі. І ён быў сумленьнем усех людзей, без разбору іх нацыяў, людзей, якія ідуць да ідэалаў гуманізму, ідэалаў дабра, ідэалаў чалавечнасьці, да ідэалаў веры ў чалавека”.
(Пашкевіч: ) “Слова пісьменьніку, вэтэрану Вялікай Айчыннай вайны Валянціну Тарасу”.
(Валянцін Тарас: ) “Дарагія сябры і калегі! Дарагія чытачы Васіля Быкава! Мы ўсе ягоныя чытачы. Пражыў цяжкое жыцьцё, дзіцячае, хлапечае, пра якое расказаў у сваёй кніжцы “Доўгая дарога”. У апошнія месяцы, тыдні, калі ён яшчэ быў жывы, і размова заходзіла пра нейкую будучыню, вельмі адносную ўжо да яго. Ён казаў: “калі я загіну альбо не загіну”, таму я і ўжываю гэтыя словы. Ён загінуў. І разам з тым, гэтая дата, 22 чэрвеня — яшчэ адна дата ягонага нараджэньня, нараджэньня ў вечнасьць.
Я прамаўляю тут ад Беларускага ПЭН-Цэнтру, Міжнароднага пісьменьніцкага ПЭН-клюбу — арганізацыі, заснаванай клясыкам ангельскай літаратуры Галсўорсы ў 1924 годзе, калі нарадзіўся Васіль. Васіль быў заснавальнікам разам з Алесем Адамовічам, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, іншымі сваімі найбліжэйшымі паплечнікамі беларускага ПЭН-Цэнтру і заставаўся ягоным прэзыдэнтам да апошняга дня свайго жыцьця. Хоць у нашай краіне сёньня ідзе да таго, што прэзыдэнтам можна называць толькі адну асобу, для нас Васіль Быкаў застанецца прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-Цэнтру, прэзыдэнтам нашай вялікай беларускай літаратуры, якую ён сьцьвердзіў як нікто з нас. Бывай, Васіль!”
(Пашкевіч: ) “Слова мае старшыня Фонду прымірэньня, перакладчык і сябар Васіля Ўладзімеравіча Крыстафэр Гойднэр”.
(Крыстаф Гойбнэр: ) “У гэтую гадзіну багата людзей у Нямеччыне, Францыі і іншых эўрапейскіх краінах зь любоўю, з пачуцьцём думаюць пра Васіля Быкава. І асабліва ў Нямеччыне, таму што Васіль Быкаў адкрыў немцам тое, што яны рабілі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён пісаў праўду, але ён пісаў праўду так, што ён заставаўся для сваіх чытачоў адкрытым чалавекам, ён працягваў ім руку, і яны бачылі яго адкрытую душу. І за гэтае яго любіла нямецкая моладзь, актывісты арганізацыі выкупленьня, зь якімі ён багата размаўляў тут у гэтым доме. Васіль любіў праўда, справядлівасьць і дружбу паміж людзьмі”.
(Пашкевіч: ) “Слова старшыні дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргею Скрабцу”.
(Сяргей Скрабец: ) “Ня стала Васіля Быкава. Ён даў нам паветра свабоды і каханьня, псыхалягічны рэалізм, філязофскую думку, напружаны роздум. Адно агульнае вельмі сучаснае пачуцьцё пранізвае творчасьць і жыцьцё майстра: ад кожнага залежыць усё, кожны асабіста павінен адчуваць сваю адказнасьць за будучыню, за ўсё, што прыйдзе і ня прыйдзе заўтра; кожны адказвае за ўсё, абавязак быць чалавекам бестэрміновым — вось словы герояў Васіля Быкава. Я ўпэўнены, што Васіль Уладзімеравіч чуе нас і цяпер, і хачу запэўніць яго, што яго справа барацьба за свабоду і незалежнасьць нашай Радзімы будзе намі працягнутая”.
(Пашкевіч: ) “Слова дырэктару Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку”.
(Лукашук: ) “Анёл зьявіўся ў Беларусі.
Цяпер вялікая душа Васіля Быкава разьвітваецца з тымі, хто любіў яго ў Амэрыцы, Эўропе. Вацлаў Гавал напісаў, што гонар для Чэхіі — прыезд туды Васіля Быкава. Мы мелі шчасьце зь імі, зь яго мілай жонкай Ірынай Міхайлаўнай шмат гуляць па вуліцах Прагі і парках і гаварыць. Яго галоўнай любоўю была Беларусь. Нават у бальніцы на шпітальным ложку ён прасіў прынесьці яму радыё, каб слухаць тое, што адбываецца тут.
У нас многія гадзіны жывога голасу Васіля Ўладзімеравіча, і цяпер кожны дзень ён гучыць. Я прывез з сабой невялікі запіс, Васіль Уладзімеравіч адказвае на галоўнае пытаньне кожнага пісьменьніка, якое задаў яму Сяргей Навумчык: “Навошта пісаць?”
(Васіль Быкаў: ) “Усё-такі яшчэ пакуль што можна чуць, што пішуць мастакі, ствараюць мастакі. Але справа нават ня ў гэтым. Нават калі нічога ніхто не пачуе, усё роўна наш абавязак творцаў — гэта тварыць, памятаючы, што ісьціна ўсё-такі за намі. За імі, ці хто выступае супраць — перамога, а за намі ісьціна. У гэтым сэнсе, я думаю, што вельмі важнае даўняе выслоўе расійца Талстога, які гаварыў: “Рабіце што трэба і хай будзе, што будзе”. Вось у гэтым і ёсьць абавязак і, можа быць, апошняе спадзяваньне мастака ў наш час”.
За намі ісьціна.
Бывайце, Васіль Уладзімеравіч! Не пакідай нас, анёл!”