ЛЮДЗІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ІСЬЦІ ДА МАГІЛЫ ВАСІЛЯ БЫКАВА, КАБ УШАНАВАЦЬ ЯГОНУЮ ПАМЯЦЬ

Галіна Абакунчык, Менск

Вось што людзі казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Спадар: ) “Я ня ведаў, калі разьвітаньне з Васілём Быкавым, але вельмі хацеў прыйсьці. Атрымалася толькі сёньня. Я ведаў яго як пісьменьніка, вядомага на ўвесь сьвет, таму і прыйшоў ушанаваць памяць Васіля Быкава і аддаць яму даніну павагі”.

(Спадар: ) “Мы зь сябрам вырашылі прыйсьці, пастаяць каля магілы, ушанаваць памяць гэтага чалавека. Ён пісаў выдатныя творы пра вайну і ўвогуле творы, які прымушаюць разважаць пра сэнс чалавечага жыцьця”.

(Спадар: ) “Не атрымалася пабыць на пахаваньні, таму прыехалі сёньня наведаць магілку Васіля Быкава. Вядомы пісьменьнік, франтавік, змагар за свабоду і незалежнасьць, любімец народу — вось што можна сказхаць пра гэтага чалавека”.

(Спадар: ) “Я шаную й паважаю гэтага чалавека. Ён мне дарагі, бо ён жыў і працаваў шчыра і сумленна. Гэта тое, чаго сёньня не хапае”.

(Спадар: ) “Я ня мог не прыйсьці, бо падзяляў погляды Васіля Быкава і шанаваў ягоны пісьменьніцкі дар. А яшчэ таму, што пайшоў чалавек такога маштабу, якія яшчэ ня хутка зьявіцца ў Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Я лічу сябе асірацелай некалькі разоў: няма бацькі, няма маці. Была надзея — Васіль Быкаў. Мне здаецца, што ён бы яшчэ жыў, калі б яго ня выгналі, альбо ён ня быў вымушаны пакінуць Беларусь. Бо я ўпэўненая, што любоў людзей да пісьменьніка павінна працягваць жыцьцё, а тут яму яго скарацілі. Гэта такі велічны, годны чалавек, яго няма, іншых выгналі, альбо яны зьніклі, яго няма — ня стала чым дыхаць”.

(Спадар: ) “Ён быў вельмі шчыры чалавек, вельмі просты, вельмі даступны, культурны чалвек. Нават дзівуесься, што на нашай зямлі — здратаванай, вытаптанай — зьяўляецца такі чалавек. Гэта геній. І тое, што людзі ідуць — таму пацьверджаньне. І яны будуць яшчэ доўга ісьці на заклік уласнага сэрца. Паглядзіце, нават магіла Быкава нацыянальная. Мяне толькі зьдзіўляе вось гэты вянок з расейскамоўным надпісам ад “президента Республики Беларусь”. Яго закладаюць, але нехта ізноў выцягвае — нехта ж тут у кустах сядзіць і сочыць.

Калі яны так любяць Быкава, дык няхай пакажуць па тэлебачаньні ягоны фільм “На Чорных лядах” пра Слуцкае паўстаньне. Калі вы так любіце Быкава, чаму ён ня мог жыць дома — ён пяць гадоў жыў у выгнаньні. Што гаварыць, як мог пакласьці вянок чалавек, які кажа, што ён чытаў вершы Быкава? Ды яны ўвогуле нічога не чытаюць — я не магу нават назваць іх уладаю. Гэта ня ўлада, а нейкі бандыцкі калгас”.