ПАМЯЦЬ ВАСІЛЯ БЫКАВА ЎШАНАВАЛІ АМБАСАДАРЫ ЗАМЕЖНЫХ КРАІНАЎ

Галіна Абакунчык, Менск

Вось што спадар Фрык сказаў на разьвітаньне з Васілём Быкавым:

(Фрык: ) “Нас вельмі кранула сьмерць Васіля Быкава, і на сваіх сустрэчах амбасадараў краінаў Эўразьвязу, а таксама кіраўнікоў місіяў краінаў, якія стануць сябрамі зьвязу ў наступным годзе, мы спантанна вырашылі, што абавязкова возьмем удзел у жалобнай цырымоніі з нагоды сьмерці вялікага беларускага пісьменьніка. Сёньня раніцай, ад імя ўсіх сваіх калегаў-амбасадараў, я накіраваў ліст спачуваньня спадарыне Ірыне Быкавай.

Васіль Быкаў пражыў шмат гадоў у Нямеччыне, і шэраг ягоных апошніх кнігаў зьявіліся менавіта там, але ня толькі на нямецкай мове, а ў перакладзе на многія іншыя мовы сьвету. Як я думаю, ён зрабіў вялікі ўнёсак у справу прымірэньня ў Эўропе, паставіўшы тэму другой усясьветнай вайны ў цэнтар сваёй творчасьці з мэтай пераадолець жахлівыя згадкі мінулага стагодзьдзя і рабіць крокі да прымірэньня.

Мяркую, што такой ёсьць палітыка новай Нямеччыны, якая ўзьнікла пасьля вайны, і палітыка Эўразьвязу, якія нясуць вялікую маральную й палітычную адказнасьць за будучыню. І ў гэтую справу Васіль Быкаў зрабіў вельмі вялікі ўнёсак сваёй творчасьцю і сваім жыцьцём. Быкаў ёсьць сымбалічнай фігурай для новай краіны, незалежнай Беларусі. І, мяркую, што ён зьяўляецца найважнейшай фігурай для адраджэньня Беларусі пасьля Янкі Купалы й Якуба Коласа”.