НА 3 МЕСЯЦЫ ПРЫПЫНЕНЫ ВЫХАД "ПРЕДПРИНИМАТЕЛЬСКОЙ ГАЗЕТЫ" – УЖО ЧАЦЬВЕРТАГА ВЫДАНЬНЯ ПРАДПРЫЕМСТВА “МАРАТ”

Юры Сьвірко, Менск

Толькі ў панядзелак стала вядома, што яшчэ 19 чэрвеня першы намесьнік міністра інфармацыі Станіслаў Нічыпаровіч падпісаў другое папярэджаньне рэдакцыі "Предпринимательской газеты" і загад аб яе прыпыненьні на тры месяцы. Абодва дакумэнты рэдакцыя, у ролі якой выступае прадпрыемства “Марат”, атрымала па пошце 23 чэрвеня.

Папярэджаньне вынесенае за матэрыял пад загалоўкам "Узаконенае бязьмежжа” пра абставіны звальненьня кіраўніка друкарні “Чырвоная зорка” Ўладзіміра Целеша. У артыкуле сьцьвярджалася, што прычыны звальненьня спадара Целеша не раскрываюцца і што звальненьне "ня можа быць юрыдычна абгрунтаваным". Міністэрства інфармацыі заяўляе, што адбылося апублікаваньне несапраўдных зьвестак, бо працоўная дамова зь ім была скасаваная ў адпаведнасьці з артыкулам 259 Працоўнага кодэксу.

Адметна тое, што насамрэч апублікаваньне гэтых зьвестак не адбылося, таму што ўвесь наклад нумару “Предпринимательской газеты” з матэрыялам “Узаконенае бязьмежжа” быў арыштаваны міліцыяй Віцебскай вобласьці й дагэтуль знаходзіцца ў Дубровенскім РАУСе. Ніводзін чытач у Беларусі, акрамя прадстаўнікоў улады, прачытаць гэты нумар ня мог.

Першае папярэджаньне “Предпринимательская газета” атрымала 11 чэрвеня таксама за супольны з “БДГ” нумар, а менавіта за зьмену тэматыкі ды адрасу рэдакцыі. Нагадаю, што было прыпыненае на 3 месяцы выданьне яшчэ аднаго партнэра “БДГ” – штотыднёвіка “Эхо”. Такім чынам, колькасьць прыпыненых выданьняў прадпрыемства “Марат” дасягнула чатырох (“БДГ”, “БДГ для служебного пользованія”, “Эхо”, “Предпринимательская газета”).