ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ЗА КРАТАМІ

Любоў Лунёва, Менск

Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка ў свой дзень нараджэньня ня змог прыняць віншаваньні ад паплечнікаў. Кіраўніцтва Фронту абуранае пазыцыяй уладаў. Гаворыць намесьніца старшыні БНФ Галіна Сямдзянава:

(Сямдзянава: ) “Гэта вельмі сумна, бо такая дата — гэта ўжо ўзрост. Наш прафэсар знаходзіцца за кратамі, і гэта вельмі крыўдна. Ён знаходзіцца ў жудасных умовах. На вуліцы 4 градусы, а яму не дазволілі перадаць нават цёплую коўдру. Гэта вельмі абуральна. Мы ўсе пакрыўджаныя і абураныя тым, як улады ставяцца да знаных людзей. Як бы яны ні ставіліся да “бээнэфаўца” Хадыкі, трэба ж паважаць хаця б прафэсара Хадыку. Лічым гэтыя дзеяньні недапушчальнымі й спадзяемся, што ўлады ў свой час за ўсё адкажуць”.

Начальнік спэцпрыёмніка падпалкоўнік Алег Палутаў дазволіў жонцы Юрыя Хадыкі перадаць у камэру толькі віншавальную паштоўку. Кветкі, маўляў, не прадугледжаныя інструкцыяй.

(Палутаў: ) “Навошта? Кветкі па выхадзе, як заўсёды, згодна з традыцыяй. Прабачце, тут ня тая ўстанова. Што можна, то можна, а перакручваць ня будзем”.

Паплечнікі Юрыя Хадыкі ўвечары на знак салідарнасьці сабраліся ля спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка. Яны трымалі ў руках кветкі. Усе спадзяваліся на тое, што Юры Хадыка ўбачыць іх праз закратаванае акенца камэры, альбо нехта з арыштаваных перадасьць яму віншаваньні.