У ПАДПАЛЕ ПРУДКОЎСКАГА РЫНКУ Ў ГОМЕЛІ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ 19-ГАДОВУЮ ПРАДАВАЧКУ

Казімер Яноўскі, Гомель

У выніку пажару згарэла два дзясяткі ралетных шапікаў прадпрымальнікаў з таварам. Пашкоджаныя таксама дзьве гандлёвыя галерэі рынку. Супраць 19-гадовай дзяўчыны ўзбуджаная крымінальная справа за падпал.

Паколькі на рынках занятыя сотні так званых рэалізатараў, нанятых прадпрымальнікамі дзеля продажу тавару, паспрабаваў высьветліць, як пачуваюць яны сябе, працуючы на гаспадароў?

Распавядае рэалізатар, маладая дзяўчына, што назвалася Наташай:

(Наташа: ) “Плата – гэта пытаньне цяжкае. Нізкі заробак пакуль. Можа, калі рынак раскруціцца, стане лепей. У нас хто мае цьвёрдую стаўку, а хто – адсотак ад рэалізацыі. У мяне 4% ад выручкі. На месяц у сярэднім выходзіць 120-130 тысяч”.

Гандляр Сяргей Балігатаў не выключае канфлікту паміж прадпрымальнікам, гаспадаром тавару, і рэалізатарам:

(Балігатаў: ) “Паміж гаспадаром і рэалізатарам мог быць канфлікт. Гледзячы, якая сума аспрэчваецца з прычыны нястачы ці недахопу тавару. Можа, згубіўся тавар, альбо грошай недалічыліся. Магло такое здарыцца!”

Праўда, большасьць рэалізатараў, што працавалі побач з зарыштаванай Тацянай, ня вераць, што яна магла наўмысна падпаліць шапік з таварам. Распавядае рэалізатар Ірына.

(Ірына: ) “Так, мы гандлявалі побач. Я лічу, што яна ня здатная на падпал. Дый асаблівых прычынаў няма. У яе былі нейкія непаразуменьні з гаспадаром, але, наколькі я ведаю, яны ўсё вырашылі. Не было сэнсу падпальваць. Гэта нерэальна”.

Іншыя гандляры заўважаюць, што Тацяна наагул не паліла. Цыгарэтнага дыму не было чуваць, калі яна зачыніла шапік. Затое шмат хто цягам апошніх двух тыдняў адчуваў пах гарэлай пластмасы ці электраправодкі. У дзень пажару асабліва. “Адчуваўся пах гарэлага, пластмасы ці электраправодкі. Гаварылі яшчэ, што электраправодка “закараціла”, – згадвае адна з рэалізатараў.

А вось што распавяла прадавачка Надзея.

(Надзея: ) “Рынак не абсталяваны супрацьпажарнымі сродкамі. Гэты пажар можна было б патушыць, калі б было чым. Нас абязалі купіць вогнетушыльнікі, але яны за двума замкамі. Даступных сродкаў тушэньня няма. Да таго ж вогнетушыльнікі, хаця і з гарантыяй, але ня дзейнічаюць”.

Пакуль вядзецца следзтва, гандляры ня могуць патрапіць на свае працоўныя месцы. Галерэі зачыненыя.