Падчас сэмiнару Аляксандар Лукашэнка ды iншыя выступоўцы неаднаразова падкрэсьлiвалi, што прыцягненьне замежных iнвэстыцыяў ня ёсьць вырашэньнем эканамiчных праблемаў у Беларусi. Мiж iншага, гэта можа быць небясьпечна для дзяржавы, бо яна ня здолее паўплываць на стратэгiчныя рашэньнi iнвэстараў. Таму асноўнымi крынiцамi фiнансаваньня эканомiкi былi названыя ўласныя рэзэрвы айчыных прадпрыемстваў ды грашовыя сродкi насельнiцтва.
Што да замежных iнвэстыцыяў, дык кiраўнiцтва Беларусi спадзяецца прыцягнуць iх у краiну, найпер праз свабодныя эканамiчныя зоны. Дарэчы, правядзеньне сэмiнару ў Берасьцi было зьвязанае менавiта зь дзейнасьцю такой зоны ў гэтым горадзе. Берасьцейская СЭЗ прыцягнула за сем гадоў iснаваньня каля 80 мiльёнаў даляраў, а сёлета павiнна прыцягнуць 125 мiльёнаў. Бiзнэсоўцы, якiя маюць досьвед у гэтай справе, лiчаць такiя спадзяваньнi марнымi. Вось што гаворыць дырэктар прыватнага прадпрыемства “Галана” Пётар Камяковiч, чыя фiрма зарэгiстраваная ў зоне:
(Камяковiч: ) “Самая галоўная праблема — усё зарэгулявана. Нават у свабоднай эканамiчнай зоне, дзе ўзьнiкаюць праблемы на мытнi. Апошнi час мытнiкi тры раз мянялi нам код тавару, якi мы ўвозiм у зону для далейшай перапрацоўкi. Зразумела, гэта ня можа спадабацца iнвэстарам. Стрымлiвае таксама тое, што ў Беларусi, каб пачаць вытворчасьць, мы паўгоду зьбiраем паперы. У той жа Польшчы за два тыднi можна пачаць працаваць, а ў Турцыi ўвогуле за пару дзён”.
Выканаўчы дырэктар Саюзу прадпрымальнiкаў Берасьцейскай вобласьцi Нiна Карпiнчык зьвязвае праблему прыцягненьня замежных iнвэстыцыяў з палiтычнай сытуацыяй у краiне.
(Карпiнчык: ) “Як пакажуць па тэлебачаньні Беларусь, парушэньне правоў чалавека, свабоды слова, як Лукашэнка цiсьне тут усiх, дык нiводзiн бiзнэсовец сюда ня трапiць. Яны нам наўпрост кажуць: мы прыяжджаем сюды як прадстаўнiкi грамадзкiх аб’яднаньняў прадпрымальнiкаў, а бiзнэсоўцы нашыя не паедуць — яны напалоханыя. Нэгатыў жа iдзе ва ўсе краiны”.
Варта заўважыць, што прадстаўнiкi прадпрымальнiцкiх аб’яднаньняў Беларусi i замежныя бiзнэсоўцы на iнвэстыцыйны сэмiнар запрошаныя не былi.