З штомесячнага заробку кожнага працоўнага жыхара раёну на падтрымку сельскай гаспадрки цяпер вылічваюць тры тысячы беларускіх рублёў. У першую чаргу на гэтыя грошы набываюць паліва. Апроч гэтага, за кожнай гаспадаркай замацавалі прадпрыемства альбо арганізацыю, а кожны працаўнік павінен нарыхтаваць ня менш за 500 кіляграмаў сена. Напрыклад, супрацоўнікі раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі выехалі ў шклоўскагі калгас імя 1 траўня.
Улады тлумачаць, што гэткія захады дапамогуць выканаць плянавыя паказчыкі й своечасова сабраць ураджай. Дарэчы, чыноўнікі заяўляюць, што рабочыя працуюць і здаюць грошы дабраахвотна. Самі рабочыя так ня лічаць. Яны кажуць, што ня могуць пратэставаць, бо тады згубяць працоўныя месцы.
У раёне высокі ўзровень беспрацоўя, афіцыйна — 4% працаздольнага насельніцтва. Але адмыслоўцы кажуць, што беспрацоўных нашмат больш — 9000 чалавек, што складае траціну працаздольнага насельніцтва. У такіх умовах людзі не наважваюцца выказаць сваё незадавальненьне.
Касьцюковіцкія ўлады прынялі іншы плян. Кожнаму рабочаму патрэбна нарыхтаваць ня менш за 200 кіляграмаў сена. Прадпрымальнікам прымусова-дабраахвотна прапануюць пералічыць на ўборку ўраджаю ад 20 да 250 тысяч рублёў.
У Клічаўскім раёне рабочых прадпрыемстваў кожны тыдзень прымушаюць працаваць у суботы, каб потым пералічваць заробленыя грошы ў разнастайныя фонды. І кожны раз называюць іхную працу “добраахвотнай акцыяй”. Клічаўскіх настаўнікаў папярэдзілі, што напярэдадні адпачынку яны павінны за свой кошт набыць фарбу і пафарбаваць памяшканьні сваёй школы.