РЫГОР БАРАДУЛІН: “САВЕЦКАЯ ЎЛАДА ВЫПРАБОЎВАЛА ЎСЕ СРОДКІ, КАБ ЗЛАМАЦЬ ВОЛЮ БЫКАВА”

Сяргей Навумчык, Прага

(Барадулін: ) “Савецкая ўлада выпрабоўвала ўсе сродкі, каб зламаць волю Быкава, каб зрабіць прыручана-хатнім небакрылага. Ішлі ў ход мэтады дазволеныя і недазволеныя, усіх не пералічыць. Камсамольцы білі вокны.... І сапраўды, як у яўрэйскім досьціпе: калі б Бог жыў на Зямлі, людзі выбілі б яму шыбы. Вэтэраны вайны і партыі пісалі даносы, публікавалі пратэсты, засыпалі бруднымі лістамі.

Не дапамаглі ні правакацыі, ні пагрозы, ні высокія ўзнагароды, ні адказныя тытулы. Тытул у Васіля Быкава, і ён адзін, і ён – ад Бога: сумленны пісьменьнік. І да гэтага часу ратуе Васіль Быкаў ад беспрацоўя армію падслухачоў, вынюхачоў, паклёпнікаў, верных учарашняму дню. Нездарма аднойчы ўсьміхнуўся апостал: “Чаму пра мінулае мы мала ведаем? Бо даносчыкаў мала было, і яны былі непісьменныя”. Васіль і да гэтага часу корміць гэтую армію стукачоў, і мне парой здаецца, хто болей любіў Васіля – ці чытачы, ці слухачы? Нават такія радкі мне прыйшлі ў галаву:

Заўсёды Быкава любілі стукачы,
І як маглі яго аберагалі.
Бо зарабляць даваў на добрыя харчы
І падвышаць яжоўскія рэгаліі.

Прыгадваеца, як некалі на 60-годзьдзе Васіля Быкава ўжо падупалы здароўем Уладзімер Караткевіч пасьля тоста перадаў юбіляру невялічкі гарэльеф з выяваю льва, і голасам, што пачынаў слабець, амаль пракрычаў : “Рыкай, акі леў!” Васіль ня рыкае акі леў, Васіль гаворыць спакойна і ўпэўнена, бо праўду ня трэба крычаць, яе трэба гаварыць спакойна.

У апошні час я пісаў Васілю Быкаву вершы-лісты, і я дазволю сабе прачытаць верш-ліст у Прагу:

Чакае хатняя зямля,
Нудзгуюць родныя мясьціны
Дзе ўволю бліскавіца сьціле
Ад вершаліны да камля.
Каб дрэва вольнасьці расло
Люляла на руках аблокі,
Каб чула пана Бога крокі
Душы самотнае сьвятло.
Ня веручы будзённым снам
Самім сабе ахвотна хлусім
Куды вяртацца ўрэшце мусім –
Душа напамінае нам.

Васіль Быкаў жыве і жыць будзе ў сумленьні і ў душы беларусаў. І многа яму год здароўя – сто гадоў, сто гадоў, сто гадоў!”