(Пазьняк: ) “Перш-наперш, карыстаючыся магчымасьцю, я хачу павіншаваць Васіля Ўладзімеравіча з днём нараджэньня, з 79-годзьдзем. Зычу яму як найхутчэй паправіцца зь цяжкай хваробы і не здавацца.
Не здавацца – я думаю, гэта ў характары Быкава. Спакойна, сваёй баразной. Што б ні было. Мусіць, у гэтым і ёсьць прычына вялікай павагі да яго як да чалавека.
Перасьледаваць Быкава пачалі недзе ў пачатку 1960-ых гадоў, я добра памятаю тыя часы. А Быкаў – ішоў сабе моўчкі наперад, пішучы твор за творам, і штораз – лепш. Травілі, вядома, не аднаго Быкава – і Караткевіча, і Разанава, і пісьменьнікаў ва Ўкраіне. І ў Расеі. Па папулярнасьці ў перасьледзе тады, у 60-ых, з Быкавым мог параўнацца толькі расейскі пісьменьнік Салжаніцын. Я, вядома, не зьбіраюся іх супастаўляць – гэта постаці непараўнальныя. Быкаў – глыба, цэлы накірунак у літаратуры. Салжаніцын жа цалкам адыграў сваю ролю ўжо ў 80-ых. Але вось на што я хачу зьвярнуць увагу.
Перад Быкавым таталітарная сыстэма спасавала. Яго раптам перасталі травіць. Пачалі няшчыра прызнаваць. Далі нават прэмію, тытулы... А Быкаў, паўтаруся, – як ішоў сабе, так і ішоў. Як бы і не было той сыстэмы, як бы яе і не заўважаў. А потым, калі надарылася магчымасьць, падтрымаў стварэньне Народнага Фронту і далучыўся да яго руху.
Салжаніцына тады сыстэма выкінула за мяжу. Гэта пакутлівае выпрабаваньне для творцы. Але за мяжой Салжаніцын пачаў пісаць шавіністычныя артыкулы, а калі вярнуўся, то зацыкліўся на вялікадзяржаўнасьці. І забыўся пра літаратуру. Вось вам і розьніца. Пустое – пакоціцца, а глыба – глыба стаіць, бо – моц. І мне радасна так гаварыць і думаць пра Быкава. Я думаю, што Быкаў спраўджвае словы Гётэ: “Твары, мастак, не гавары!”
У гэты 79-ты дзень ягоных народзінаў я хачу пажадаць яму, каб адрадзілася і зьбераглася наша Беларусь, наша вольная і дарагая Бацькаўшчына”.