ЦІ ЗДОЛЕЕ АБ’ЯДНАНАЯ ЭЎРОПА РАСПРАЦАВАЦЬ АБ’ЯДНАНУЮ ЗАМЕЖНУЮ ПАЛІТЫКУ?

Натальля Судлянкова, Прага

Вайна ў Іраку яскрава прадэманстарвала глыбокія разыходжаньні паміж сябрамі Эўразьвязу ў асноўных пытаньнях замежнай палітыкі, нягледзячы нават на тое, што ў апошнія гады быў дасягнуты істотны прагрэс у пошуках кансэнсусу што да эканамічных праблемаў. Петэр Зэрвакіс, супрацоўнік Цэнтру эўрапейскай інтэграцыі Бонскага ўнівэрсытэту, называе Ірак бомбай. У тым сэнсе, што Ірак падарваў міт аб тым, што Эўропа гатовая быць адзінай у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

(Зэрвакіс: ) “Калі казаць мэтафарычна, гэта нагадвала выбух бомбы. Вядучыя эўрапейскія краіны Нямеччына ды Францыя зразумелі, што ня толькі краіны-кандыдаты на далучэньне да Эўразьвязу пачалі вагацца ў пытаньні замежнай палітыкі аб’яднанай Эўропы ў дачыненьні да Іраку, але і некаторыя са старых сябраў Эўразьвязу – Гішпанія, Брытанія ды Італія”.

Саміт у грэчаскім горадзе Тэсалонікі дасьць магчымасьць вярнуцца да ідэі агульнай замежнай палітыкі. Лідэры краінаў-сябраў Эўразьвязу будуць разглядаць праект Канстытуцыі аб’яднанай Эўропы, якая ўводзіць больш цэнтралізваную замежную палітыку. Канстутыцыя, падрыхтоўкай якой кіраваў былы прэзыдэнт Францыі Валеры Жыскар д’Эстэн, прадугледжвае пасаду міністра замежных справаў Эўразьвязу замест сёньняшніх двух прадстаўнікоў у пытаньнях замежных стасункаў – ад Рады міністраў Эўразьвязу і ад Эўракамісіі.

(Зэрвакіс: ) “Новы міністар замежных справаў аб’яднае дзьве функцыі. З аднаго боку, ён будзе абірацца краінамі-сябрамі Эўразьвязу, з другога – будзе ўваходзіць у склад Эўракамісіі. Мы спадзяемся, што ён знойдзе кампраміс паміж больш агульнаэўрапейскім ўляхам інтэграванай палітыкі і больш клясычнай палітыкай, пабудаванай на інтарэсах асобных дзяржаваў”.

І тым ня менш, на думку экспэртаў, асноўная праблема цяпер палягае ў тым, каб вызначыць межы нацыянальных сувэрэнітэтаў. Гэтыя пытаньні былі ў значнай ступені вырашаныя ў эканамічнай сфэры, асабліва пасьля ўвядзеньня эўра і выпрацоўкі агульнай гандлёвай палітыкі аб’яднанай Эўропы. Аднак, акрамя жаданьня розных краінаў захаваць пэўную ступень сувэрэннасьці ў дачыненьні да замежнапалітычных пытаньняў, ёсьць яшчэ адное “але” на шляху да цэнтралізаванай палітыкі. На яго зьвяртае ўвагу Рычард Вільямс – прафэсар Лёнданаскага ўнівэрсытэту.

(Вільямс: ) “Эўразьвяз цяпер мае магчымасьць адначасова выкарыстоваўць як плюсы вялікай колькасьці месцаў у розных міжнародных арганізацыях, так і агульнай эўрапейскай палітыкі. І таму даволі часта гэта дазваляе выйграваць галасаваньне ў розных арганізацыях. Відавочна, што гэтая перавага будзе страчаная, калі Эўразьвяз будзе прадстаўляць усе гэтыя дзяржавы”.

І тым ня менш, на думку экспэртаў, да гэтага яшчэ даволі далёка. Пэтэр Зэрвакіс так ацэньвае сёньняшнюю сыуацыю:

(Зэрвакіс: ) “Эўропа – гэта не дзяржава. Эўразьвяз называе сябе зьвязам, але гэта памылковая назва. Пакуль ёсьць толькі жаданьне, каб так было. Гэта ўсё яшчэ незалежныя дзяржавы, якія згадзіліся на пэўнае супрацоўніцтва, але, асабліва што да зьнешняй альбо эканамічнай палітыкі – абмежаваньні відавочныя”.