ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 19 ЧЭРВЕНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Палеская праўда”, 1933 год:

“Толькі ў нашай краіне, якая несупынна і пасьпяхова будуе сацыялізм, стала магчымым тысячам пралетараў, тысячам іх дзяцей займацца ў музычных школах, авалодваць музычнай культурай. Хіба мог бы рабочы друкарні Майзьлес, рабочы Сельмашу Габаеў, маленькія Фаня Загорына і Мура Шэндэрава граць клясычныя творы Шубэрта, Мацарта, Глінкі ў тых краінах, дзе толькі людзям “светского общества” магчыма авалодаць высокай культурай музыкі? Ніколі. Канцэрт паказаў, як пралетар, які ў царскай Расеі ня меў і зараз у капіталістычных краінах ня мае магчымасьці вывучаць і слухаць добрую музыку, авалодвае вышэйшай музычнай культурай лепшых савецкіх кампазытараў і клясыкаў”.


“Чырвоная змена”, 1973 год. Карэспандэнты БЕЛТА А.Бутэвіч і Я.Львовіч пра выбары ў мясцовыя саветы Менску:

“Выбарны ўчастак №25 у Савецкім раёне гораду назвалі студэнцкім. Тут у дзень выбараў выконвалі свой грамадзянскі абавязак юнакі й дзяўчаты політэхнічнага інстытуту, якія жывуць у інтэрнатах №1 і №2. Моладзь актыўна галасавала за дастойных выбраньнікаў народу. Сярод тых, хто названы кандыдатамі ў дэпутаты Савецкага раённага савету — два прадстаўнікі студэнцтва сталіцы. А для студэнткі БДУ імя У.І.Леніна Ванды Хвядзевіч гэты дзень быў сьвяточным удвая: ёй споўнілася 18 гадоў. Аддаючы свой голас за дастойных выбраньнікаў народу, яна галасавала за шчасьлівую будучыню моладзі, за чыстае неба і мірны дзень на ўсёй плянэце”.


“Звязда”, 1993 год. Паведамленьне Валянціна Жданко з залі парлямэнту:

“Сярод іншага быў нарэшце зацьверджаны сьпіс дабрачынных арганізацыяў, якія на 1993 год вызвалены ад многіх падаткаў. Цікава, што сьпіс быў дапоўнены чатырма новымі арганізацыямі: фондам бясьпекі дарожнага руху, асацыяцыяй інвалідаў вайны, фондам аказаньня дапамогі спартсмэнам-інвалідам і таварыствам абароны жывёл. Пра заслугі ў справе дабрачыннасьці некаторых з гэтых арганізацыяў гаворыць такі факт. Учора народны дэпутат Калбаска, кіраўнік Асацыяцыі спартсмэнаў-інвалідаў, упершыню пачуў пра фонд аказаньня дапамогі спартсмэнам-інвалідам, якому парлямэнт даў дадатковыя льготы”.