СУД ПАКІНУЎ У СІЛЕ ДРУГОЕ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ “БДГ”

Юры Сьвірко, Менск

“Белорусская деловая газета”, увесь наклад чарговага нумару якой пад шапкай “Предпринимательской газеты” быў напярэдадні затрыманы міліцыяй Віцебскай вобласьці, у чацьвер спрабавала ў судзе давесьці незаконнасьць другога папярэджаньня ад Міністэрства інфармацыі за артыкул пра справу былога дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Першае папярэджаньне гэты ж суд — Вышэйшы гаспадарчы — два дні таму пакінуў у сіле. Але тады мова ішла пра тое, што “БДГ” нібыта зьняважыла гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі, напісаўшы пра ягоную прапанову даць прэзыдэнцкі самалёт расейскай прыгажуні.

Цяпер рэдакцыю абвінавацілі ў тым, што яна надрукавала артыкул пра судовы працэс, падаўшы выступ падсуданага Міхаіла Лявонава без дазволу судзьдзі, хаця тэкст заявы быў далучаны да матэрыялаў справы. Юрыст “БДГ” Яўген Маліноўскі ды аўтар артыкулу Сяргей Сацук спрабавалі пераканаць суд у тым, што цытаты былі ўзятыя з дыктафоннага запісу, зробленага на адкрытым судовым працэсе. Спадар Маліноўскі падкрэсьліў:

(Маліноўскі: ) “Сацук Сяргей быў акрэдытаваны для асьвятленьня пазначанага працэсу, пра што сьведчыць далучанае да пазоўнай заявы адпаведнае хадайніцтва аб ягонай акрэдытацыі, быў уключаны Вярхоўным судом у адпаведны сьпіс асобаў, журналістаў, якія маюць права прысутнічаць на судовым паседжаньні”.

Яўген Маліноўскі падкрэсьліў, што паводле беларускага закону аб друку акрэдытаванаму журналісту абавязаныя даваць стэнаграмы ўсіх выступаў. Менавіта на падставе стэнаграмы і быў напісаны артыкул з назовам “Дзе лявонаўскія мільёны? Пракуратура рэспублікі ня можа адказаць на гэтае пытаньне. Шукае...”

Судзьдзя Алена Нікалаева нават задаволіла хадайніцтва далучыць дыктафонную касэту да матэрыялаў справы. Але прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі заявілі ў судзе, што папярэджаньне газэце было вынесенае на падставе прадстаўленьня Пракуратуры Беларусі, якая ўбачыла ў публікацыі парушэньне закону. Маўляў, пісьмовая заява Міхаіла Лявонава была далучаная да матэрыялаў справы, таму нельга было без адмысловага дазволу судзьдзі яе цытаваць.

Але журналіст карыстаўся вуснай заявай спадара Лявонава. Юрыст Мінінфарму Аляксей Лухверчык прызнаў у судзе, што яго ведамства нават не правярала пракурорскае прадстаўленьне, бо “Міністэрства інфармацыі ня мела падставаў не давяраць Пракуратуры”.

Судзьдзя Нікалаева зачытала афіцыйны дакумэнт зь Вярхоўнага суду, падпісаны судзьдзём Кашко, які старшыняваў на працэсе па справе Міхаіла Лявонава:

(Нікалаева: ) “Дазвол журналісту Сацуку С.В. на публікацыю матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненьні да Лявонава М.В. у “Белорусской деловой газете” судзьдзём не выдавалася”. Гэтае паведамленьне Вярхоўнага суду далучаецца да матэрыялаў справы — я яго зачытала ўголас”.

Калі судзьдзя Нікалаева выходзіла з судовай залі, я задаў ёй пытаньне: “Ці магу я выкарыстоўваць дакумэнты, далучаныя Вамі цяпер да справы, бяз Вашага пісьмовага дазволу?” Алена Нікалаева нічога не адказала, але, вярнуўшыся ў залю, папярэдзіла мяне ды іншых прысутных журналістаў:

(Нікалаева: ) “Ніякіх пытаньняў гаспадарчаму суду задаваць вы ня маеце права”.

Такім чынам, патрэбны пісьмовы дазвол судзьдзі або не, журналіст падчас працэсу даведацца ня можа. За што ж тады далі папярэджаньне “Белорусской деловой газете” і “Народнай волі”, якая таксама пісала пра выступ Міхаіла Лявонава? Гэтае пытаньне засталося без адказу. Але Вышэйшы гаспадарчы суд вырашыў адмовіць “БДГ” у пазове.

Пасьля гэтага прысуду я зноў змадэляваў сытуацыю, у якой знаходзіцца журналіст “БДГ” Сяргей Сацук. Зьвярнуўшыся да судзьдзі Нікалаевай па дазвол, я пачуў толькі наступнае:

(Нікалаева: ) “Я стамілася ў судовым паседжаньні ды інтэрвію не даю”.

Гэта значыць, што журналістаў беларускія судзьдзі груба адпіхваюць, а потым заяўляюць, што не давалі пісьмовага дазволу на публікацыю пэўных матэрыялаў справы.

Галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна пракамэнтавала рашэньне суду гэтак:

(Калінкіна: ) “Я расцэньваю гэта як тое, што абсалютна ня мае дачыненьня да права — ані рашэньне суду, ані тое, што гаварылі ў паседжаньні прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі. Яны фактычна сказалі, што ніяк не вывучалі тое прадстаўленьне Пракуратуры, аўтаматычна вынесьлі нам папярэджаньне. Гэта магла, нарэшце, зрабіць Пракуратура і сама — але ня стала гэтага рабіць. Судзьдзя гэта ўсё выслухала і прыняла рашэньне, што Пракуратура заўсёды мае рацыю”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы будзеце цяпер рабіць?”

(Калінкіна: ) “Падаваць скаргу далей. Будзем праходзіць усю юрыдычную працэдуру. Пазовы наконт прыпыненьня нашых газэт ужо пададзеныя ў Вярхоўны суд”.

(Карэспандэнт: ) “Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі тут, у судзе, сказалі, што нічога ня ведаюць пра канфіскацыі газэт...”

(Калінкіна: ) “Гэта сьведчыць толькі аб ролі Міністэрства інфармацыі ў нашай дзяржаве: яны нічога ніколі ня ведаюць. Ім прыслалі — яны паслалі далей. Гэта пошта — і ўсё”.