ОФІС АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ ЗАНЕПАКОЕНЫ ЎЗМАЦНЕНЬНЕМ РЭПРЭСІЯЎ

Уладзімер Глод, Менск

Спадарыня Сьміт патлумачыла журналістам: менскі офіс АБСЭ ня толькі займаецца маніторынгам падзеяў у Беларусі, але й дамагаецца хуткай і дзейснай рэакцыі на свае справаздачы і паведамленьні. У якасьці прыкладаў Гайды Сьміт назвала ліст упаўнаважанага АБСЭ ў справе свабоды СМІ Фраймута Дувэ на імя міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава і заяву грэцкага старшынёўства ў Эўразьвязе. У абодвух гэтых дакумэнтах выказаная заклапочанасьць сытуацыяй зь беларускімі недзяржаўнымі газэтамі.

Супрацоўніца менскага офісу падкрэсліла занепакоенасьць пашырэньнем рэпрэсіяў у Беларусі:

(Сьміт: ) “Улічваючы пазыцыю АБСЭ наконт назіраньня за падобнымі падзеямі, мы паведамлялі наконт узмацненьня рэпрэсіяў на грамадзянскую супольнасьць. Мы надаем вялікае значэньне гэтым падзеям. Шчыльна працуем над праектам Закону аб мэдыях. Працягваем сачыць за падзеямі вакол гуманітарнага ліцэю, няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Мы ставімся да такіх рэчаў вельмі й вельмі сур’ёзна, і таму будзем і далей уважліва сачыць за імі. Спрабуем прыцягнуць да падзеяў як мага больш увагі міжнародных інстытуцыяў і грамадзкасьці, а таксама забясьпечыць свабоду выказваньняў у Беларусі”.

Спадарыня Сьміт паведаміла, што цяпер офіс АБСЭ займаецца некалькімі канкрэтнымі праектамі. Сярод іх, напрыклад, сумесны з Нацыянальнай Акадэміяй навук праект аб памежным супрацоўніцтве у рэгіёне Палесься. Яшчэ адзін праект прадугледжвае ўвядзеньне альтэрнатыўнага пакараньня для некаторых катэгорыяў асуджаных.

У найбліжэйшых плянах — арганізацыя паездкі кіраўніцтва абласных выканаўчых камітэтаў Беларусі ў Польшчу дзеля вывучэньня досьведу самакіраваньня ў гэтай краіне, а таксама правядзеньне сэмінараў у справе паляпшэньня выбарчага заканадаўства Беларусі.