Паэт Генадзь Бураўкін у часе свайго рэдактарства часопісам “Маладосьць” быў адным са нешматлікіх рэдактараў, якія адважваліся друкаваць Быкава і не баяліся наступстваў.
(Бураўкін: ) “Калі гаворыш пра блізкіх сяброў, заўсёды баішся высокіх слоў. Але як бязь іх абыдзешся, калі гаворка ідзе пра Васіля Быкава, шаноўнага Васіля Ўладзімеравіча, мілага, добрага Васіля.
Ён – ня проста выдатная зьява ў айчыннай літаратуры, ён – знакавая постаць у нашай літаратуры. Бо пасьля яго тэма Вялікай Айчыннай вайны, тэма беларуская і па сваіх традыцыйных адзнаках, і па ўнёску ў усясьветную, эўрапейскую так званую ваенную тэму, загучала зусім па-іншаму – і па сіле праўды, і па сіле таленту. Ён – знакавая постаць і ў нашай гісторыі, у сёньняшнім, на жаль, ня лепшым дні нашай Бацькаўшчыны.
Ён ніколі не зьбіраўся быць палітыкам, больш за тое, я гэта добра ведаю, ён ніколі не любіў палітыку. Але стаў сумленьнем нацыі ў лёсавызначальныя гады маладой сувэрэннай Беларусі. Гады нашага нацыянальнага абуджэньня, нашага нацыянальнага Адраджэньня. І аказалася, што, можа быць, нават было нечаканым для тых, хто ня надта добра ведаў Васіля-чалавека, Васіля–аналітыка, Васіля–філёзафа, што ён умее мысьліць глыбока і шырока і вельмі добра адчувае настрой народу, вельмі дакладна фармулюе задачы дзяржавы. Шкада, што, як мне здаецца, вельмі многія землякі да гэтага часу так толкам і не пачулі яго, і па сваёй абыякавасьці ці наіўнасьці не прыслухаліся да яго.
Для мяне ж Васіль Быкаў яшчэ і блізкі сябра, надзвычай, надзіва добры, чулы і сардэчны зямляк. Дзе б ён ня быў, чым бы ня быў заняты, ён ні разу не забыўся павіншаваць з днём нараджэньня, пацікавіцца сямейнымі справамі. Я ўжо не кажу пра творчыя задумкі, пра нейкія публікацыі, пра новыя кніжкі.
І яшчэ, я ў гэтым пераканаўся ня так даўно, – я гэта адчуваў, можна сказаць, нават ня сумняваўся ў гэтым, але – пераканаўся, што ён вельмі мужны чалавек. Бо калі да яго прыйшла цяжкая хвароба, тое, як ён усё гэта пераносіў і пераносіць, тое, які ён трывушчы, па-сялянску, па-вясковаму, па-беларуску, які ён мудры ў дачыненьні да да сваіх нейкіх слабасьцяў, – гэта было для мяне горкай, але слаўнай характарыстыкай Васіля.
Таму вельмі важна, што ён – з намі, у гэты наш нялёгкі беларускі час. Вельмі важна, што ён хвалюецца тымі праблемамі, якімі хвалюемся мы. І вельмі здорава, што мы ўсе – ня толькі сябры, але і ягоныя непрыяцелі, скажам так, афіцыйныя асобы, азіраемся – нехта пра гэта прызнаецца, нехта не прызнаецца – але азіраемся на Васіля Быкава, на ягоную думку, на ягонае адчуваньне, на ягоны талент, на ягонае права судзіць і час, і людзей, і тое, што мы з вамі перажывваем.
Сёньня дата дастаткова сур’ёзная, хаця і ня круглая – 79 гадоў, мне вельмі-вельмі хочацца, каб яшчэ доўга-доўга мы маглі азірацца на Васіля Ўладзімеравіча Быкава, і каб ён яшчэ доўга-доўга быў з намі, і сваёй мудрасьцю, сваім прароцтвам, сваім талентам дапамагаў, падказваў нашай мілай, нашай слаўнай Бацькаўшчыне, над якою яшчэ і сёньня вісіць вельмі многа чорных хмараў”.