Шматгадзінная дыскусія, што цягнулася вакол беларускага пытаньня, скончылася тым, што Беларускай фэдэрацыі футболу прапанавалі не пазьней за 15 кастрычніка правесьці надзвычайную канфэрэнцыю фэдэрацыі, падчас якой дэлегаты мусяць таемным галасаваньнем пацьвердзіць паўнамоцтвы кіраўнікоў фэдэрацыі, абраных 20 сакавіка. Калі давер да гэтых асобаў ня будзе выказаны, то на працягу 30 дзён фэдэрацыя мусіць правесьці новыя выбары. У дакумэнце адзначана, што беларускі бок пагадзіўся з такім падыходам.
Беларускае пытаньне ўзьнікла пасьля таго, як 20 сакавіка замест былога старшыні фэдэрацыі Рыгора Фёдарава быў абраны новы — дзяржсакратар Генадзь Нявыглас. Кіраўніцтва ўсясьветнага і эўрапейскага футболу палічыла, што на тых выбарах былі груба парушаныя дэмакратычныя працэдуры, што супярэчыць правілам ФІФА і ЎЭФА. Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў тады заявілі пра тое, што Беларусь рызыкуе быць выключанай з гэтых арганізацыяў.
У Цюрых былі выкліканыя і Рыгор Фёдараў, і Генадзь Нявыглас. Разам зь імі туды накіраваліся міністар спорту і турызму Юры Сівакоў ды іншыя афіцыйныя асобы. Цікава, што ў пагадненьні тытул кіраўніка фэдэрацыі ўжываецца выключна ў адносінах да Рыгора Фёдарава. А Генадзь Нявыглас у дакумэнце фігуруе як “спадар Нявыглас”.
Падпісанты пагадненьня пагадзіліся, што прадстаўляць Беларускую фэдэрацыю футболу на міжнароднай арэне будзе Рыгор Фёдараў. Ён жа ёсьць адказным за пытаньні мэнэджмэнту і фінансаў на ўзроўні ФІФА і ЎЭФА. Усе астатнія функцыі будзе выконваць спадар Нявыглас. Да таго ж Генадзь Нявыглас, і гэта абазначана ў пагадненьні асобным пунктам, “мусіць гарантаваць спадару Фёдараву магчымасьць выконваць свае абавязкі ў штаб-кватэры Беларускай фэдэрацыі футболу”.
Міжнародная і Эўрапейская фэдэрацыі бяруць беларускую справу пад свой кантроль. Дзеля гэтага ФІФА і ЎЭФА правядуць тэхнічныя кансультацыі зь Беларускай фэдэрацыяй футболу. А не пазьней за 31 жніўня беларуская фэдэрацыя павінна правесьці першую частку канфэрэнцыі, на якой статут фэдэрацыі мусіць быць узгоднены зь беларускім заканадаўствам.
Першы намесьнік старшыні беларускай фэдэрацыі футболу Міхаіл Вяргеенка ня бачыць у апошнім патрабаваньні вялікай праблемы.
(Вяргеенка: ) “З гледзішча юрыдычнага, мы “вылізалі” ўсё. Статут цудоўны, я думаю, мы захавалі ўсе патрабаваньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Узьнялі нават швайцарскае заканадаўства…”
Аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Аляхновіч называе рашэньне міжнародных футбольных арганізацыяў разумным:
(Аляхновіч: ) “На мой погляд, гэта, мабыць, найлепшае вырашэньне справы, якое магло быць. Бо калі б нашую фэдэрацыю выключылі з УЭФА і ФІФА, аб магчымасьці чаго казалі прадстаўнікі гэтых арганізацыяў, дык такое вырашэньне пытаньня было б найгоршым. З другога боку, яны паказалі — на Захадзе ўсе справы павінны вырашацца выключна дэмакратычным шляхам, нягледзячы на тое, што камусьці падабаецца ці не падабаецца тая ці іншая кандыдатура”.