З ШКОЛЫ — ЗА КРАТЫ

Любоў Лунёва, Менск

Нагодай для затрыманьня стала пастанова Цэнтральнага суду, паводле якой Тацяну завочна абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце насупраць амэрыканскай амбасады 3 красавіка. У той дзень некалькі сяброў руху “Зубр” ладзілі пікет пад лёзунгам “Сьмерць тыранам!” у падтрымку амэрыканскай палітыкі ў Іраку. Гэта быў адзіны пікет на знак салідарнасьці з амэрыканкім урадам, і менавіта гэты пікет скончыўся затрыманьнямі. Тацяну Ялавую, як і Юрыя Хадыку, судзілі завочна.

Паводле прысуду, яна правядзе 10 сутак арышту ў камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна. Адметна, што з гэтай прычыны яна ня зможа трапіць на школьны выпускны баль.

Каардынатар руху “Зубр” Цімафей Дранчук лічыць арышт Тацяны Ялавой запалохваньнем напярэдадні будучых вулічных акцыяў.

(Дранчук: ) “Улады папросту працягваюць палітычную зачыстку. Днямі быў затрыманы Юры Хадыка, сёньня — наша актывістка. Рэпрэсіі працягваюцца наогул у Беларусі. Улады намагаюцца запалохаць палітычных актывістаў, каб спыніць хвалю пратэстаў, якая ў любым выпадку пройдзе ў найбліжэйшы час. Я маю на ўвазе закрыцьцё гуманітарнага ліцэю ды іншыя акцыі, якія хутка пройдуць. Але ліцэісты заўтра выходзяць бараніць ліцэй. Мы таксама правядзем усе свае акцыі. Барацьба працягваецца”.