ЦІ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ БЕЛАРУСЫ АДМОВУ ДЗЯРЖАВЫ АД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ВАЛЮТЫ?

Галіна Абакунчык, Менск

Меркаваньні маіх выпадковых суразмоўцаў падзяліліся прыкладна напалову: адны выказвалі катэгарычную нязгоду з плянамі пераходу Беларусі на расейскі рубель. Іншыя падтрымліваюць гэтую ідэю.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падтрымліваеце вы ідэю ўвядзеньня адзінай валюты так званай саюзнай дзяржавы?”

(Спадар: ) “У прынцыпе падтрымліваем. Таму што беларускі рубель ня мае добрых пэрспэктываў для будучага існаваньня. Лічу, што ўвядзеньне расейскага рубля станоўча паўплывае на становішча беларускай эканомікі”.

(Спадар: ) “Абавязкова падтрымліваем. Трэба, трэба, каб разам былі”.

(Спадарыня: ) “Людзям цяжка перабудоўвацца на іншыя грошы, але я думаю. Што гэта… Ну, я — за”.

(Спадар: ) “Падтрымліваем. Чаму падтрымліваем? Таму што калі мы маем дачыненьні з расейскім рынкам, то нам патрэбныя расейскія рублі. У Расеі ўсё таньней”.

(Карэспандэнтка: ) “А думаеце, будуць вам даваць гэтыя грошы?”

(Спадар: ) “Будуць даваць, а дзе яны дзенуцца? Будзе нам эмісія грашовая выдзеленая, і будзем мы атрымліваць свае беларускія рублі, ці расейскія. А не — дык паедзем у Расею ды заробім. Мы ж будаўнікі”.

(Спадарыня: ) “Я падтрымліваю, таму, што менш будзе праблем”.

А вось якія аргумэнты тых мінакоў, якія не жадаюць бачыць расейскі рубель платным сродкам Беларусі:

(Карэспандэнтка: ) “Вы падтрымліваеце ідэю аб’яднаньня грашовых сыстэмаў?”

(Спадарыня: ) “Не, не, канечне, не. Таму, што могуць быць вялікія запазычанасьці па заробках. Людзі будуць сядзець па некалькі месяцаў без заробку — як гэта ёсьць у Расеі, і гэта дрэнна, канечне”.

(Спадар: ) “Я не падтрымліваю, бо гэтае ўвядзеньне ня дасьць станоўчых вынікаў у эканоміцы, і страцім незалежнасьць зусім”.

(Спадар: ) “Эканоміка Расеі адмоўна паўплывае на эканоміку Беларусі. Будзе дрэнна”.

(Спадарыня: ) “Кепска, таму што ня будзе грошай уласных. А грошы — гэта адзін з атрыбутаў дзяржаўнасьці, і мы страцім сувэрэнітэт”.

(Спадар: ) “Па-першае, я ўпэўнены, што гэтае аб’яднаньне будзе за кошт грамадзянаў. Па-другое, эмісійны цэнтар будзе ў Расеі, а гэта азначае, што мы будзем залежаць у эканамічнай і палітычнай сфэры ад Расеі”.

(Спадар: ) “Я адмоўна стаўлюся, бо ў Расеі невядомая будучыня, і я не хацеў бы, каб гэткая будучыня была і ў маіх дзяцей, да прыкладу. Я лічу, што ў Беларусі можа быць цудоўная будучыня, калі яна застанецца незалежнай дзяржавай”.

Значная частка сярод апытаных сёньня мінакоў таксама заявіла, што ня мае на гэты конт пэўнага меркаваньня.