ДЗЕ ПАКАШТАВАЦЬ БЕЛАВЕСКАГА ЗУБРА?

Ігар Карней, Менск

Дык ці насамрэч, апроч звыклых яшчэ з савецкага часу страваў, цяпер можна замовіць і штосьці нешараговае, арыгінальнае? Натуральна, што мэню беларускіх рэстарацыяў не такое разнастайнае, як у бальшыні краінаў сьвету, дзе культура харчаваньня ўведзеная ў пэўны культ. У менскіх кавярнях, барах, рэстарацыях (зрэшты, і ва ўсёй Беларусі) традыцыйна прапануецца альбо сьвініна, запечаная пад сырам, альбо рыба “па-аргентынску”, альбо нейкія кулінарныя варыяцыі на курыныя тэмы.

Аднак шэраг установаў харчаваньня пайшлі іншым шляхам і арыентуюцца не на сярэдняга, нерасьпешчанага спажыўца, а на сапраўднага гурмана. Лідэр сярод экзотыкі ў стравах — кітайская рэстарацыя “Залаты лётас”: філе блакітнай акулы, меч-рыба з бамбукам, мяса аўстралійскага кенгуру, нільскі кракадзіл пад салодкім соўсам, афрыканскі стравус і г.д. Яшчэ адна ўстанова замежнай кухні, гэтым разам японская “Плянэта Сушы”, прапануе пікантную ікру лятучай рыбы. Найбольш дарагая сталічная рэстарацыя “Стакгольм” пастаянна мае ў мэню мяса акулы і алігатара. У “Ракаўскім бровары” падаюць страву зь яек стравуса, засмажаных ў памідорах, і хто мае лішнія 24 тысячы рублёў, можа пакаштаваць. У “Печках-лавачках” пастаянна ёсьць традыцыйныя ў францускай кухні сьлімакі і жабы. У шэрагу рэстарацыяў можна знайсьці вырабы з каніны і нават вярблюжаціну.

Карацей, тое-сёе ў новым смаку для сябе адкрыць можна, хоць, шчыра кажучы, я не такі экстрэмал, і да спажываньня шэрагу блюдаў павінен падрыхтавацца прынамсі маральна.

Бадай, адзінае, што можа значыцца ў шэрагу паспрабаваных мной адметнасьцяў — мяса зубра ў "Ракаўскім бровары". Адразу скажу, што мяса не спадабалася нават зьнешне — цёмнае, амаль чорнае. Да таго ж, як кажуць, цяжкое, дастаткова жорсткае. Збольшага, праўда, уразіла нават ня гэта. Зубар, на колькі я ведаю, знаходзіцца ў Чырвонай кнізе, і ягонае зьяўленьне ў мэню выглядала нонсэнсам. Аднак потым мне патлумачылі, што гэта — вынік камэрцыйнай дзейнасьці кіраўніцтва Белавескай пушчы, якое зарабляе на тым, што дазваляе замежнікам паляваць на зуброў за грошы. Мяса ў якасьці трафэю забіраць не дазваляюць, вось яно і аказваецца ў пунктах харчаваньня.

А што адносна пашырэньня мэню кажуць ўладальнікі беларускіх рэстарацыяў? У бальшыні тое, што пакуль істотных зрухаў чакаць не даводзіцца. Натуральна, ніхто не павязе ў Менск аднаго кракадзіла, кенгуру ці стравуса. Зразумела, што гаворка павінна ісьці пра нейкія гуртовыя пастаўкі. Але на дадзены момант гаспадары рэстарацыяў прывязаныя да Расеі, у асноўным да Масквы, адкуль і дастаўляюцца ў Беларусь замарожанныя гатункі рыбы ці тыя ж стравусіныя яйкі.

А што да асартымэнту, то, як вядома, попыт нараджае прапанову. На рынку “Ждановічы” ёсьць сетка віетнамскіх рэстарацыяў “Сайгон”. Дык вось, віетнамцы, гэтаксама пакуль праз Расею, імкнуцца прасунуць на беларускі рынак свой каронны прадукт — гарэлку, у бутэльцы якой плавае невялікая зьмяя. Той, хто ўжо спрабаваў, кажа, што на смак яна вельмі пякучая, падобная паводле эфэкту да абсэнту, але ахвотных да экспэрымэнтаў пакуль няшмат — усё ж стаўленьне да зьмеяў у Беларусі дастаткова падазронае.

Дарэчы, адпаведна новаму мэню зьяўляецца і ўнутраны антураж. Так, у бары “Рачок” у вялізным акварыюме сядзіць кайман. Адзін з афіцыянтаў прызнаўся, што кормяць яго раз на тыдзеь, каб той ня рос: таму нічога, апроч шкадаваньня, што запытаўся, не атрымліваеш. У “Тракціры” ў такім жа акварыюме плаваюць піраньі, і тут ужо іншая скрайнасьць — наведнікам дазваляюць глядзець, як марскія драпежнікі распраўляюцца з куранём — дзякуй богу, хоць нежывым. Дзесьці плаваюць ракі, у адной з рэстарацыяў за шклом сядзіць пітон, у іншай — ігуаны. Карацей, пры жаданьні забавіць час нетрадыцыйна зрабіць гэта цалкам рэальна.