ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 16 ЧЭРВЕНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год. “Аб задачах друку па чыстцы партыі”:

“10 чэрвеня член рэспубліканскай камісіі па чыстцы КП(б)Б тав. Лычоў правёў гутарку з прадстаўнікамі цэнтральнага друку па пытаньні ўдзелу друку ў чыстцы. Тав. Лычоў падкрэсьліў зусім нездавальняючую работу друку па асьвятленьні пытаньняў чысткі партыі і ўказаў на важнейшыя задачы ў гэтай галіне. Асноўным недахопам у асьвятленьні чысткі партыі зьяўляецца тое, што матэрыялы, якія падаюць нашы газэты па гэтым пытаньні, не даюць разгорнутага паказу работы партыйных арганізацый. Паасобныя артыкулы ў выглядзе сухой інфармацыйнай кронікі чысткі нікому нічога не даюць. Наша задача паказваць ход чысткі разгорнута, з усімі яго станоўчымі бакамі і недахопамі”.


“Сталинская молодёжь”, 1953 год. Юры Гусеў расказвае, як студэнты БДУ вывучаюць кітайскую літаратуру:

“Заснавальнік новай кітайскай літаратуры Лу Сінь”, — аб’яўляе першае пытаньне свайго білета студэнтка-выдатніца Люда Сукала і, крыху хвалюючыся, пачынае расказваць… Яна прыводзіць выказваньні Мао Цзэ-дуна, Го Мо-жо, А.Фадзеева пра Лу Сіня. Яе выразны, прадуманы адказ заслугоўвае вышэйшай адзнакі — выдатна. На ўсіх курсах, аддзяленьнях і факультэтах БДУ імя У.І.Леніна, ад першакурсьніка, які ўпершыню разгарнуў у блакітным пераплёце том Мао Цзэ-дуна, да навуковых супрацоўнікаў — усе з надзвычайнай цікавасьцю і любоўю вывучаюць культуру і гісторыю паўмільярднага братняга народу. Матэматыкі і гісторыкі, біёлягі і хімікі, філёлягі і геолягі — усе зь вялікай любоўю казалі пра раманы Лу Сіня “Сонца над ракой Сангань”, “Ураган”, драму “Сівая дзяўчына”.


“Могилевские ведомости”, 1993 год. Аляксандар Казак пра помнікі Леніну:

“Усяго ў Беларусі, згодна зь дзяржаўным сьпісам помнікаў мастацтва (нерухомых) рэспубліканскага значэньня налічваецца 18 помнікаў У.І.Леніну. На Магілёўшчыне толькі ў абласным цэнтры і Бабруйску помнікі У.І.Леніну аднесеныя да твораў мастацтва. Уся іншая безьліч выяваў арганізатара КПСС і заснавальніка савецкай дзяржавы проста можна зьнікнуць. Што мы сёньня часткова і назіраем. Прынамсі ў Бабруйску. З адбітымі фрагмэнтамі лепкі, са шчылінамі стаяць манумэнты каля кінатэатру “Прамень”, сярэдніх школаў №18 і 23. Што сымбалізуюць яны сёньня, незразумела, але, апрача пачуцьця шкадаваньня, не выклікаюць анічога. Выдадзеныя масавым тыражом, яны ўяўляюць сумнае відовішча”.