ЧАМУ МАСКВА ІДЗЕ НА ВЯЛІЗНЫЯ ВЫДАТКІ ДЗЕЛЯ ЎВЯДЗЕНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ РАСЕЙСКАГА РУБЛЯ?

Юры Дракахруст, Прага

Пагадненьне было дасягнутае напачатку чэрвеня падчас перамоваў з кіраўніцтвам краіны міністра фінансаў Расеі Андрэя Кудрына. Некаторыя расейскія экспэрты адзначаюць, што пераход Беларусі на расейскі рубель будзе нятанна каштаваць Маскве. Чаму ж яна ідзе на гэта? Свой погляд выказвае беларускі палітоляг Андрэй Суздальцаў.

(Суздальцаў: ) “Калі казаць аб’ектыўна, на жаль, у нашай краіне нармальнай уласнай валюты няма. Няма золатавалютных запасаў, няма нармальнай канвэртавальнасьці. З усіх краінаў Эўразіі Беларусь у найбольшай ступені далярызаваная. Так што раней ці пазьней паўстала б пытаньне пра стабілізацыю нацыянальнай валюты. Аднак надзеі шэрагу расейцаў на тое, што пераход Беларусі на расейскі рубель падштурхне беларускія рэформы – гэтыя надзеі марныя. Так што ў эканамічным пляне выйгрыш будзе невялікі, рынак невялікі, эканоміка знаходзіцца ў стане сацыялізму. Але ў палітычным пляне выйгрыш быў бы, калі б былі выбары.

Такім чынам, Масква ідзе на гэтыя выдаткі з геапалітычных меркаваньняў. З тых намёкаў, што прагучалі ў заходнім друку пасьля расейска-амэрыканскага саміту ў Санкт-Пецярбургу, можна меркаваць, што пытаньне там было пастаўленае жорстка: “Ці вы разьбіраецеся з гэтай крыніцай нестабільнасьці ў Эўропе, ці разбіраемся мы”. За гэта даводзіцца плаціць. Зразумела, сфэра ўплыву рубля – гэта велізарныя магчымасьці”.

На думку шэрагу назіральнікаў, згода, дасягнутая наконт адзінага эмісійнага цэнтру, азначае, што Масква даціснула афіцыйны Менск, магчыма, абмяняўшы сваё эканамічнае панаваньне ў Беларусі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. Аднак Андрэй Суздальцаў сумняецца ў тым, што гэтая згода, калі яна сапраўды дасягнутая, будзе рэалізаваная.

(Суздальцаў: ) “Мы маем унікальную уладу. Тое, што распавядае сп. Калаўр – гэта паўтарэньне таго, што казалася ў 1993-1994 гадох. Вось уявіце сабе, што ў Беларусь прыходзяць 350 мілёнаў расейскіх рублеў, па некаторых ацэнках – да мільярду. Я ведаю, што зараз у нашым Мінфіне ляжыць стос папераў з рэзалюцыямі Лукашэнкі: “аплаціць”. Яны не аплочаныя, бо яны банкруты. І вы можаце сабе ўявіць, што прыходзіць такая колькасьць грошай, і яны даходзяць да апошняга беларускага селяніна. Ды ніхто гэтых грошай ня ўбачыць. Яны адразу ж пойдуць на рахункі за мяжу. І абвінавацяць Расею ці іншую дзяржаву. Гэтая ўлада – недамоваздольная, яе мэта ў дадзеным выпадку – ніякая не валютная інтэграцыя, а “ноч прастаяць ды дзень пратрымацца”.