Меркаваньні беларусаў, што да набыткаў і стратаў незалежнай Расеі, падзяліліся. Частка апытаных (чамусьці пераважна жанчыны) лічаць, што Расея пасьля распаду Савецкага Саюзу стала больш свабоднай і дэмакратычнай:
(Спадарыня: ) “Пасьля распаду Савецкага Саюзу, я лічу, адбыліся зьмены да лепшага. Арыентацыя на заходнюю культуру. У выніку Расея стала рухацца ў больш слушным напрамку, чым раней”.
(Іншая кабета: ) “Я думаю, былі зробленыя сур’ёзныя крокі. Нам ёсьць на каго зважаць. З нашых былых хаўрусьнікаў Расея рушыла значна далей у справе незалежнасьці. Гэта і прэса, і бізнэс, замежныя сувязі, нават стаўленьне людзей да работы, да жыцьця зьмянілася. Моладзь стала больш актыўнай, больш адкрытай, стала больш езьдзіць па сьвеце”.
(Дзяўчына: ) “Мне падабаецца, што ёсьць зьмены ў адносінах між Беларусьсю й Расеяй, але я не хачу іх аб’яднаньня. Чачэнія застаецца нэгатыўным момантам”.
(Іншая дзяўчына: ) “Я займаюся музыкай, мне падабаецца, што ў Расеі ёсьць падтрымка шоў-бізнэсу. Таксама прыяжджаюць вядомыя акторы й зоркі зь іншых краінаў. “Макдональдз” у іх больш танны чым у нас, аказваецца падтрымка тэатру. Яны падтрымліваюць мастацтва, і мы за гэта”.
(Хлопец: ) “Відаць, ня ўсё было ў Расеі ў фінансавым пляне, дэфолт 1998 году. А цяпер усё стабілізуецца, эканоміка расьце”.
Іншая ж частка апытаных (выключна мужчыны) лічаць, што за пэрыяд незалежнасьці Расея ня стала цывілізаванай краінай:
(Хлопец: ) “Дасягненьняў за гэтыя гады ў Расеі ня вельмі шмат. А правалы? З гэтым вялікая праблема. Мне здаецца, што за гэты час па шляху дэмакратыі Расея прасунулася ня надта далёка. І што мы бачым зараз: за гады кіраваньня Пуціна, мне здаецца, што пачынаецца вяртаньне Расеі ў час, калі гэта была грозная і небясьпечная імпэрыя. Думаю, што да дэмакратыі ў Расеі яшчэ далёка. І гэты дзень незалежнасьці гучыць даволі дзіўна. Бо фактычна незалежнасьць Расеі ні ад каго атрыманая не была. Развалілася вялікая імпэрыя, і быць не залежнымі ад саміх сябе — гэта даволі дзіўна”.
(Сталы спадар: ) “Мне не падабаецца ў цяперашняй Расеі тое, што няма парадку. Няма добрага моцнага гаспадара, які б узяў уладу ў свае рукі й навёў парадак. Пуцін хоча нешта зрабіць, але ў яго нічога не атрымліваецца. І чым далей, тым горш і горш”.
(Хлопец: ) “Я лічу, што ў Расеі былі дасягненьні. Яны знайшлі ў сабе волю даць свабоду тэрыторыям, якія былі расейцамі захопленыя. Напрыклад, прыбалтыйскія краіны. Але расейцы цалкам не адмовіліся ад імпэрскіх думак, і гэта бачна ў тым, як яны сябе паводзяць адносна Чачэніі й нашай краіны. На мой погляд, у Расеі добра жывуць толькі два гарады — Масква й Санкт-Пецярбург. Усе астатнія людзі проста дэградавалі. Я быў у Расеі, там жахлівае становішча. І наш прэзыдэнт прывядзе нас да такога ж выніку”.
Іншыя ж апытаныя ці ня мелі сваёй думкі на гэты конт, ці казалі, што праблемы Расеі іх не хвалююць.