ЧАМУ ЗАХАД ВЫРАШЫЎ ПАКІНУЦЬ У СПАКОІ ЛУКАШЭНКУ?

Ул. інф.

Адзін з аўтараў згадвае сваю паездку ў Менск на цягніку Бэрлін-Масква. Ён у адным купэ зь беларускімі бізнэсоўцамі. Пасьля Берасьця каманда вырашае выпіць беларускай гарэлкі. Дзьверы купэ адчыненыя. Раптам на парозе зьяўляецца праваднік і тлумачыць, што публічнае расьпіваньне алькаголю на тэрыторыі Беларусі караецца адпаведна зь нейкім прэзыдэнцкім указам. Гэта грашовы штраф, папера да кіраўніцтва, судовыя разьбіральніцтвы. Журналіст дае правадніку 10 даляраў за тое, каб той маўчаў, каб усё было спакойна.

Як перакананыя аўтары радыёперадачы, іхныя беларускія калегі пры жаданьні могуць купіць сабе спакой яшчэ прасьцей. Ім проста ня трэба пісаць нічога пра тое, што магло б пакрыўдзіць гонар і годнасьць беларускага лідэра. Сьпіс такіх патэнцыйных крыўдаў надзвычай вялікі. Але, каб ня мець праблемаў зь беларускім законам, трэба выконваць правілы гульні.

Ну навошта спасылацца на нейкіх адмыслоўцаў-псыхіятраў і сьцьвярджаць, што лідэру патрэбная мэдычная дапамога ў гэтай галіне? Навошта чапаць прэзыдэнцкую адміністрацыю і ейны экспарт дрэва зь Белавескай пушчы? Зразумела, гандаль патрабуе таго, каб элітныя пароды заказьніку ЮНЭСКА зьнішчаліся. Але ж навошта газэтам пісаць пра гэта? Каб потым плаціць штраф дзяржаве?

Характэрна, што падкантрольная рэжыму беларуская юстыцыя імкнецца дазаваць пакараньні. Усё робіцца такім чынам, каб не закрануць балявых кропак міжнароднай грамадзкасьці. 14 дзён арышту альбо сотня даляраў штрафу — дзеля гэтага ніводзін канал не пашле карэспандэнтаў у Менск. Не распачне дзеля гэтага адмысловай кампаніі і “Amnesty International”. Аднак для тых жа беларускіх журналістаў 300 даляраў штрафу ёсьць сумай вялікай. Гэта па сутнасьці пагроза для далейшага існаваньня фінансава слабой газэты.

Тым часам, дазаваныя рэпрэсіі паступова дасягаюць сваёй мэты. Той пад’ём, які яшчэ нядаўна адрозьніваў апазыцыйную беларускую прэсу, зьнізіўся. Яшчэ некалькі год таму менавіта ад незалежных выданьняў можна было даведацца пра рэпрэсіі рэжыму супраць іншадумцаў. Пра тое, як нечакана з паркоўкі ля менскага аэрапорту зьнік Зьміцер Завадзкі, як пасьля сустрэчы за кубкам кавы з прадстаўніком КГБ Генадзя Карпенку напаткаў інсульт, як пасьля вечаровага паходу не вярнуўся дадому Віктар Ганчар. Падобныя акцыі супраць апазыцыянэраў цяпер непатрэбныя, тым больш што прэса запалоханая, — мяркуюць журналісты Гесэнскага радыё.

Паводле іх, у дачыненьні да апошняй дыктатуры Эўропы, Захад нібыта супакоіўся. Магчыма, гэта таму, што Аляксандар Лукашэнка цяпер у ценю амэрыканска-расейскага збліжэньня. Лукашэнку было прынята крытыкаваць, калі Расея выступала супраць пашырэньня НАТО на ўсход. Гэта крытыка была свайго роду публіцыстычным акапанэмэнтам тагачаснай антымаскоўскай рыторыкі. У заходняй прэсе зьяўляліся розныя спэкуляцыі наконт ваеннага супрацоўніцтва Лукашэнкі з краінамі-ізгоямі. Што да нямецкай дыпляматыі, то яна бачыла сваю місію ў тым, каб будававць двухбаковыя дачыненьні з краінай. Нават у тым выпадку, калі заходнія дыпляматы ў Менску ня мелі ілюзіяў наконт Лукашэнкавага рэжыму.

Нямецкія журналісты зьвяртаюць увагу на адзін вельмі істотны момант, чаму Захад апошнім часам вырашыў пакінуць у спакоі Лукашэнку. Ад 2005 году ў Беларусі пачне дзейнічаць расейскі рубель. Пасьля гэтага беларускі лідэр зробіцца ўсяго толькі губэрнатарам расейскай правінцыі. Ці трэба яго ў гэтым зьвязку ўвогуле чапаць і такім чынам псаваць стасункі з такім патэнцыйна важным хаўрусьнікам як Расея. Навошта?