ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ ПА ЗАРОБКАХ У БЕЛАРУСІ ПАВЯЛІЧЫЛАСЯ НА 17 МІЛЬЯРДАЎ РУБЛЁЎ

Юлія Шарова, Менск

Прычына абвастрэньня праблемы банальная: беларуская эканоміка ня стала ў апошнія месяцы працаваць лепей, палова прадпрыемстваў паводле афіцыйнай статыстыкі стратныя, яшчэ чвэрць прадпрыемстваў нізкарэнтабэльныя, то бок ледзьве зводзяць канцы з канцамі. Зразумела, што такія прадпрыемствы дбаюць найперш пра тое, каб своечасова разьлічыцца зь бюджэтам па падатках, заплаціць за камунальныя паслугі ды энэрганосьбіты. Выплата заробкаў становіцца на апошняе месца ў прыярытэтах.

Затым адгукаецца і практыка выдачы банкаўскіх крэдытаў на выплату заробкаў. Прадпрыемствы прымушаюць браць тыя крэдыты, але пазыкі трэба аддаваць з працэнтамі. Даўгі такім чынам растуць як сьнегавы ком і кладуцца дадатковым цяжарам на прадпрыемствы. Адпаведна, з кожным месяцам ім складаней знаходзіць новыя грошы на пагашэньне завінавачанасьцяў па заробках.

Традыцыйна найбольш церпяць ад несвоечасовай выплаты заробкаў працаўнікі сельскай гаспадаркі. Для параўнаньня: 13 мільярдаў рублёў – гэта аб’ём завінавачанасьцяў у прамысловасьці і 43 мільярды рублёў – аб’ём завінавачанасьцяў у аграпрамысловым комплексе. Адметна, што калі ў мінулым годзе запазычанасьці ў АПК складалі палову ад агульнага памеру нявыплачаных заробкаў, то цяпер гэта ўжо амаль дзьве траціны – прапорцыя зьмянілася.

Прычына такога зьмяненьня ня толькі ў тым, што калгасы й саўгасы сталі працаваць яшчэ горш і зь імі несвоечасова разьлічваюцца за прадукцыю. Рэч у тым, што дырэктары прымысловых прадпрыемстваў баяцца карных санкцыяў з боку дзяржавы – вядома, што шэраг кіраўнікоў у адпаведнасьці з даручэньнем Аляксандра Лукашэнкі былі звольненыя са сваіх пасадаў яшчэ ў пачатку года. Таму яны імкнуцца любой цаной не праштрафіцца. Іншая рэч – старшыні калгасаў і дырэктара саўгасаў, якія часта фізычна ня могуць выплаціць працаўнікам грошы. Іх караць бессэнсоўна, і чыноўнікі гэта цудоўна разумеюць. Дарэчы, у аграпрамысловым комплексе сытуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што самі заробкі тут мізэрныя, удвая ніжэйшыя за сярэдні заробак у народнай гаспадарцы. Калгасьнікі атрымліваюць 50-60 даляраў, дый тое нерэгулярна.