На пытаньне, наколькі своечасовым зьяўляецца пытаньне пра адзіную валюту ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, адказвае Аляксандар Ліўшыц:
(Ліўшыц: ) “На мой погляд пытаньне пра адзіную валюту, пра тое, хто будзе друкаваць грошы, па якіх правілах, гэта безумоўна, важнае пытаньне, але гэта ня ёсьць пытаньнем сёньняшняга дня. Перш трэба вырашыць пытаньне цэнтру ўлады. Паглядзіце на Эўропу, там агульная валюта зьявілася паўтара году таму, усяго толькі паўтара году таму. Яна зьявілася тады, калі Брусэль як цэнтар Эўразьвязу ўжо меў фактычную ўладу”.
Віктара Юшчанку мы запыталіся, як ён ацэньвае прапанову што да стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру ды ўвядзеньня адзінай валюты гэтак званай саюзнай дзяржавы:
(Юшчанка: ) “Я ня думаю, што гэта найлепшая ідэя. Я ўвогуле ня думаю, што манетарнае пытаньне настолькі важнае, каб зараз лічыць яго галоўным. Калі ў нас ёсьць што абслугоўваць – я маю на ўвазе гандлёвы таваразварот- мы можам гэта абслужыць любым тыпам валюты.Я бы нават зараз не ставіў сваёй мэтай выдзяляць пэўны тып валюты, які бы меўся абслугоўваць гэтыя адносіны. Давайце спачатку абмяркуем, як зрабіць гэтыя адносіны рацыянальнымі, квітнеючымі і дынамічнымі. Калі праз эканамічную, фіскальную, гандлёвую мадэль мы знойдзем адказ на гэтае пытаньне, пытаньне абслугоўваньня будзе не палітычным, а тэхнічным пытаньнем”.