“НАРОДНАЯ ГРАМАДА” ВЫЛУЧАЕ ПАРТЫЙНАГА КАНДЫДАТА НА ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ

Уладзімер Глод, Менск

Штуршком для такой заявы стала падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў, якія мусяць адбыцца восеньню 2004 году. Мікола Статкевіч гаворыць, што абмеркаваньне ідэі ўжо праходзіць, і на ўзроўні партыйных абласных арганізацыяў яна мае моцную падтрымку.

(Статкевіч: ) “Зараз у арганізацыях партыі ідзе абмяркаваньне такой стратэгіі — мы рыхтуемся да парлямэнцкіх выбараў, але выдатна ведаем, што будзе на тых выбарах. За год сытуацыя ня зьменіцца. А 110 акругаў гэта не 1500, і яны будуць кантралявацца ўладай. І таму наша стратэгія такая: мы робім парлямэнцкую кампанію часткай прэзыдэнцкай кампаніі. І мы зараз ужо павінны вызначыцца з тым, каго мы падтрымаем на прэзыдэнцкіх выбарах. У нас ёсьць сумны досьвед падтрымкі беспартыйных кандыдатаў. І таму партыя, а сутнасна мы адзіная (я з поўнай адказнасьцю заяўляю) дэмакратычная партыя, якая здольная самастойна, у адзіночку вылучыць кандыдата на прэзыдэнта, сабраўшы для гэтага 100 тысяч подпісаў”.

На маё пытаньне аб праграме кандыдата на прэзыдэнта ад “Народнай грамады” Мікола Статкевіч адказвае так:

(Статкевіч: ) “Нашай партыі ёсьць што прапанаваць. Мы хочам прапанаваць Беларусі шлях у Эўрапейскі Зьвяз. І мы маем магчымасьці гэты шлях рэалізоўваць, улічваючы наш эўрапейскі аўтарытэт, і мы прапануем таксама чалавека, які, як кажуць, узяў бы на сябе (і партыя разам зь ім) адказнасьць за рэалізацыю гэтага шляху. Карацей кажучы, мы ў найбліжэйшы час, мабыць, заявім, што партыя вылучыць на наступных выбарах свайго кандыдата. І гэта будзе старшыня партыі”.

Наколькі прапанова БСДП “НГ” да часу і як яе асэнсаваць у кантэксьце адзіных дзеяньняў палітычнай апазыцыі? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віталь Сяліцкі:

(Сяліцкі: ) “Папярэднія прэзыдэнцкія выбары паказалі — хутчэй за ўсё, кандыдат на наступнага прэзыдэнта мусіць быць партыйным. Мы можам, так сказаць, вельмі зьдзекавацца з нашай апазыцыі, але намэнклятурны ўдзел у палітыцы быў хіба яшчэ больш камічным і анэкдатычным. Што тычыцца сэпаратнага вылучэньня асобных партыйных кандыдатаў, дык як сьведчыць досьвед, за тры гады да кампаніі… Ведаеце, там ці ішак здохне, ці эмір памрэ. Мне здаецца, гэтая заява крышачку заўчасная”.