АТМАСФЭРА Ў НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ГУМАНІТАРНЫМ ЛІЦЭІ ІМЯ Я.КОЛАСА ЗАСТАЕЦЦА НАПРУЖАНАЙ

Любоў Лунёва, Менск

Намесьнік міністра адукацыі сп. Фарына 6 чэрвеня выклікае да сябе на размову Ўладзімера Коласа і ягоных намесьнікаў – Лявона Баршчэўскага і Ірыну Сідарэнку. Тым часам ліцэісты будуць здаваць іспыты. Настаўнікі і бацькі вучняў папрасілі іх ня ладзіць ніякіх акцыяў, бо, на іх думку, галоўнай задачай ёсьць пасьпяховая здача іспытаў, каб не змарнаваць год плённай вучобы.

Хутка пачнуцца ўступныя іспыты. Настаўнікі непакояцца, што з-за нестабільнай сытуацыі ў ліцэі многія бацькі не павядуць туды сваіх дзяцей паступаць на першы курс. Бацькі ж ліцэістаў настроеныя вельмі рашуча. Яны літаральна закідалі тэлеграмамі Міністэрства адукацыі. Пакуль адказаў няма, бо паводле закону аб зваротах грамадзянаў чыноўнікі павінны даваць адказ цягам месяца.

Бацькі ліцэістаў занесьлі заяву ў Менгарвыканкам, каб атрымаць дазвол на правядзеньне васьмі пікетаў. Пікеты будуць ладзіць выключна бацькі. Два пікеты ля будынку Міністэрства адукацыі, а астатнія – на вуліцы Кірава і ў Міхайлаўскім сквэры недалёка ад будынку ліцэя. Гэта нагадвае сытуацыю 1997 году. Толькі тады разам з бацькамі ў пікеце стаялі ліцэісты. Яны трымалі ў руках мапы, падручнікі ды іншыя прыналежнасьці.

Тамара Шчэрбачэвіч паведаміла мне ў тэлефоннай размове, што не саступіць ні выкладчыкам, ні бацькам, ні ліцэістам і звальняцца ня будзе. Яна за дзень выдала адзін загад, каб набылі некалькі чырвона-зялёных сьцягоў, а таксама дзяржаўны герб. Спадарыня Шчэрбачэвіч запэўніла мяне, што яна жанчына даволі моцная і была яшчэ не ў такіх, як яна выказалася, "перадрагах". Яна паабяцала, што дзяржаўная сымболіка будзе ў ліцэі. Тое, што звольняцца настаўнікі і сыйдуць дзеці, яе не турбуе. Яна казала, што на іх месцы прыйдуць іншыя людзі. Такім чынам, яна выканае сваю задачу. Можна, канечне, зрабіць выснову, што гэта і ёсьць тая самая задача. Тамара Шчэрбачэвіч адчувае падтрымку Міністэрства і паабяцала, што будзе стаяць насьмерць.

І бацькі, і ліцэісты, і настаўнікі ў сваіх зваротах у Міністэрства адукацыі спасылаюцца на тое, што новая дырэктарка праігнаравала іх запрашэньні прысутнічаць на паседжаньнях. Бацькі кожны дзень запрашалі яе на бацькоўскі сход, каб пазнаёміцца з новай дырэктаркай, але яна адмовілася. Бацькі лічаць гэта абразай і парушэньнем пэдагагічнай этыкі. Тым больш, што спн. Шчэрбачэвіч падманула дзяцей. Калі яны прыйшлі да яе ў кабінэт і вельмі ветліва запрасілі яе падняцца ў актавую залю, дырэктарка паабяцала ім, што прыйдзе на наступным перапынку, але не зрабіла гэтага. Яна ўвогуле сышла з ліцэю і ў той дзень не прыйшла ні да іх, ні на бацькоўскі сход. У нстаўніцкую Тамара Шчэрбачэвіч таксама паведаміла, што не пойдзе. Калі настаўнікі прыйшлі ў кабінэт (дарэчы, кабінэт загадчыцы гаспадаркай), яна запатрабавала, каб яны выйшлі і нават пагражалі ім, што выкліча міліцыю.